Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў штурму Капітолія ўпершыню абвінавацілі ў папярэдняй змове


Вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі, якія ахоўваюць Капітолій напярэдадні інаўгурацыі 20 студзеня 2021 году

У аўторак амэрыканская фэдэральная пракуратура прад’явіла тром удзельнікам штурму Капітолія абвінавачаньні ў змове з мэтай перапыніць нармальную дзейнасьць амэрыканскага ўраду.

Гэта першае абвінавачаньне, дзе сьцьвярджаецца, што акцыя супраць амэрыканскага парлямэнту рыхтавалася загадзя.

Трое абвінавачаных, чальцы праварадыкальнай ваенізаванай групы Oath Keepers, былі ў ліку некалькіх соцень чалавек, якія ўварваліся ў памяшканьне Капітолія 6 студзеня. У аснове абвінаваўчага заключэньня — электронная перапіска і відэазапісы таго, што адбылося 6 студзеня на Капіталійскім пагорку.

«У нас добрая група — 30-40 чалавек. Мы трымаемся разам і прытрымліваемся пляну», — такая цытата прыводзіцца ў абвінаваўчым заключэньні. Паводле абвінавачаньня, у яго распараджэньні ёсьць відэазапіс, на якім дзесяць чалавек у ахоўных шлемах і куленепрабівальных камізэльках з эмблемамі Oath Keepers узначальваюць натоўп, які ідзе да ўсходняга ўваходу ў Капітолій.

Кіраваў дзеяньнямі гэтай групы, згодна з пракуратурай, 65-гадовы Томас Колдвэл. Падчас нападу, як сьцьвярджае пракуратура, ён атрымаў некалькі паведамленьняў, якія сьведчаць аб тым, што змоўцы, магчыма, плянавалі атаку на заканадаўцаў.

«Усе члены знаходзяцца ў тунэлях пад Капітоліем. Зачыні іх. Адкрый газ», — гаворыцца ў адным з паведамленьняў. «Том, усе заканадаўцы ў тунэлях трыма паверхамі ніжэй», — паведамляе Колдвэлу іншы чалец групы. На сваёй старонцы ў Facebook Колдвэл пазьней напісаў: «Мы штурмуем замак... Я выдатны падбухторшчык».

У аўторак падчас першага зьяўленьня перад судзьдзём Колдвэл заявіў, што «ўсе да аднаго абвінавачаньні лжывыя».

За два тыдні, якія прайшлі пасьля атакі на будынак Капітолія, падчас якога натоўп пратэстоўцаў уварваўся ў памяшканьне Кангрэсу, дзе Палата прадстаўнікоў і Сэнат зацьвярджалі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, сьледзтва завяло крымінальныя справы на больш як 100 чалавек. Аднак гэта першыя абвінавачаньні, у якіх сьцьвярджаецца, што напад мог плянавацца загадзя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG