Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыдумалі спосаб зацягнуць праверкі па заявах аб сваволі сілавікоў


Людзі, якія загінулі падчас падзеяў, зьвязаных з пратэстамі, і па факце сьмерці якіх просяць праверыць дзеяньні сілавікоў
Людзі, якія загінулі падчас падзеяў, зьвязаных з пратэстамі, і па факце сьмерці якіх просяць праверыць дзеяньні сілавікоў

Адвакат Сяргей Зікрацкі сказаў, што зьмяненьні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазволяць расьцягнуць праверкі на большы за паўгода тэрмін. А з матэрыяламі заяўнікаў змогуць знаёміць толькі пасьля сканчэньня праверак.

Па інфармацыі адваката, рыхтуюцца законныя падставы для таго, каб не правяраць дзеяньні сілавікоў і не заводзіць справы за пабіцьце мірных пратэстоўцаў. Пра гэта Сяргей Зікрацкі напісаў у сваім фэйсбуку.

Ён адзначыў, што адвакаты рэкамэндавалі пацярпелым падаваць заявы ў сьледчыя органы аб завядзеньні крымінальнай справы. Пры гэтым юрысты разумелі, што сьледчыя органы могуць зацягваць прыняцьце рашэньня, аднак была ўпэўненасьць, што аднойчы рашэньне будзе, бо Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае 3 месяцы на праверку.

Хоць спыненьне праверкі таксама прадугледжана законам, але таксама ня большае, чым на 3 месяцы. Таму па выніках шасьці месяцаў адвакаты са сваімі кліентамі спадзяваліся атрымаць альбо пастанову аб пачатку справы, альбо аб адмове. У выпадку адмовы можна было азнаёміцца з матэрыяламі праверкі і абскардзіць яе вынікі.

Але цяпер улады прыдумалі спосаб ухіліцца нават ад гэтага.

«Мы не ўлічылі адну дэталь — правілы могуць зьмяніцца падчас гульні. Мой калега Міхаіл Баднарчук прааналізаваў зьмены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс ад 6 студзеня 2021 году: прадугледжана права прыпыняць праверку на тэрмін звыш 3 месяцаў, пры гэтым максымальны тэрмін ня вызначылі», — піша Зікрацкі.

Баднарчук асабліва вылучыў парадак уступленьня ў сілу гэтых зьменаў. Абсалютная большасьць уступіць у сілу з 14 красавіка, а вось норма, якая дае права прыпыняць праверку на тэрмін больш за 3 месяцы, ужо набыла моц 14 студзеня.

«Каб вы разумелі: 6-месячны тэрмін з моманту падзеяў 9–11 жніўня 2020 мусіў скончыцца 9–11 лютага 2021 году», — удакладніў Сяргей Зікрацкі.

Яшчэ адна дэталь, на якую зьвярнуў увагу адвакат, гэта тое, што «на думку праваахоўных органаў, заяўнікі ня маюць права знаёміцца з матэрыяламі праверкі да яе заканчэньня». Менавіта таму маці Рамана Бандарэнкі і яе адвакат да цяперашняга часу ня ведаюць зьместу матэрыялаў праверкі аб гібелі мужчыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG