Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пракамэнтавалі інфармацыю пра супольную расейска-беларускую выведку


Архіўнае фота. На беларуска-ўкраінскім памежным пераходзе «Новая Гута»
Архіўнае фота. На беларуска-ўкраінскім памежным пераходзе «Новая Гута»

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны ўлічыла ў сваёй апэратыўна-службовай дзейнасьці інфармацыю аб тым, што Беларусь нібыта прапанавала Расеі стварыць на мяжы Саюзнай дзяржавы супольныя выведныя пасты.

«Мы прынялі інфармацыю і ўлічылі яе пры правядзеньні апэратыўна-службовай дзейнасьці. Калі казаць непасрэдна пра лінію мяжы, дык на дадзены момант не фіксуем якога-небудзь абвастрэньня, у той жа час мы не выключаем, што нешта падобнае можа быць створана глыбей на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Увечары 17 студзеня ўкраінскі канал «1+1» прадэманстраваў ліст, які нібыта старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо накіраваў кіраўніку памежнай службы Расеі, намесьніку дырэктара ФСБ Уладзіміру Кулішову з прапановай стварыць «супольныя пасты радыёэлектроннай выведкі і спэцыяльнай тэхнічнай выведкі памежных органаў Расеі на тэрыторыі Беларусі з задзейнічаньнем спэцыяльных тэхнічных сродкаў расейскага боку».

Журналісты сьцьвярджалі, што гэты ліст нібыта перахапіла ўкраінская выведка.

Андрэй Дземчанка сказаў, што ня можа пацьвердзіць сапраўднасьць факту перахопу ліста ўкраінскай выведкай, але ведамства абавязкова правядзе праверку, каб зразумець, наколькі агучаная інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці. Паводле яго, Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супрацоўнічае зь іншымі структурамі, у тым ліку з Узброенымі сіламі, каб «больш дэталёва ўнікнуць у гэтую сытуацыю і разумець, ці не нясе яна пагрозы Ўкраіне».

«Мы ня можам гэта цалкам выключаць, асабліва на тле палітычнай сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку і супрацы Беларусі з Расеяй. У той жа час магу адзначыць, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю кантраляваная. Мы пастаянна ўлічваем усю інфармацыю, якая можа ўплываць на стан аховы дзяржаўнай мяжы», — падкрэсьліў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і ў Службе вонкавай выведкі Ўкраіны гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG