Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Менску выйшаў да кур’ера, а сустрэў сілавікоў і апынуўся ў шпіталі. Цяпер яго судзяць за «ўдзел у акцыі»


Ілюстрацыйнае фота

18 студзеня суд Першамайскага раёну Менску разгледзеў справу Дзьмітрыя Іванюты па ч.1 арт. 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). За судом назіралі валянтэры Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Мужчыну затрымалі яшчэ 22 лістапада. Зь яго словаў, у той дзень ён чакаў дастаўкі каля падʼезда. Калі зайшоў у падʼезд, за ім уварвалася група мужчын у цывільным: яны пачалі біць Дзьмітрыя па галаве і тулаве, а пасьля выцягнулі на вуліцу і надзелі сьцяжкі, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае».

Дзьмітрыя затрымалі, прывезьлі ў Першамайскі РУУС Менску. Там зьнялі сьцяжкі, якія яму зацягнулі так, што рукі пачалі сыходзіць крывёй. Толькі каля ночы мужчыне выклікалі хуткую і даставілі ў цяжкім стане ў бальніцу, дзе паставілі дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом тваравай косткі.

У Дзьмітрыя сурʼёзнае захворваньне, яго стан пагоршыўся ў выніку траўмаў, таму ён часова не працуе.

З прычыны памылак у пратаколе судзьдзя Максім Трусевіч накіраваў справу на дапрацоўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG