Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ёсьць хто: кандыдаты Байдэна на ключавыя пасады ў ЗША


Джо Байдэн

Інаўгурацыя Джо Байдэна на пасадзе прэзыдэнта ЗША мае адбыцца 20 студзеня. Сёньня прадстаўляем постаці некаторых людзей, якіх Байдэн абраў на кіроўныя пасады ў сваёй адміністрацыі.

Шмат хто зь іх пачынаў сваю кар'еру на дзяржаўнай службе ў ЗША. Знаёмства з працай ураду дапаможа ўзяцца за справы адразу пасьля даволі складанага працэсу перадачы ўлады.

«Мы ня можам губляць час, калі гаворка ідзе пра нацыянальную бясьпеку і зьнешнюю палітыку, — заявіў абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, называючы сваіх кандыдатаў 24 лістапада. — У першы дзень мне патрэбная каманда, гатовая дапамагчы вярнуць Амэрыку на перадавыя пазыцыі, абʼяднаць сьвет для адказу на самыя вялікія выклікі, якія стаяць перад намі, і прасоўваць нашу бясьпеку, дабрабыт і каштоўнасьці».

Кандыдатаў, падабраных Байдэнам, павінен ухваліць Сэнат ЗША. Выбар Байдэна адлюстроўвае яго абяцаньне забясьпечыць належнае прадстаўніцтва ва ўрадзе меншасьцяў, якія будуць мець голас і будуць пачутыя.

«Гэтыя людзі ня менш дасьведчаныя і выпрабаваныя ў крызісных сытуацыях, але яны і наватарскія, і крэатыўныя, — сказаў Байдэн. — Іх дасягненьні ў дыпляматыі ня маюць сабе роўных, але яны таксама адлюстроўваюць думку, што мы ня можам адказаць на глыбокія выклікі новага часу са старым мысьленьнем і нязьменнымі звычкамі — альбо без разнастайнага досьведу і пэрспэктыў. Вось чаму я іх абраў».

Дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен

58-гадовы Энтані Блінкен ужо працаваў намесьнікам дзяржсакратара ў адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы. Ён дакладна разумее, што значыць быць самым высокім амэрыканскім дыпляматам.

Блінкен стаў даверанай асобай новаабранага прэзыдэнта пасьля таго, як яны з Байдэнам працавалі ў Камітэце міжнародных сувязяў Сэнату ў 2002–2008 гадах. Пазьней ён быў дарадцам Байдэна ў нацыянальнай бясьпецы, калі той займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта ў часы Абамы.

Як і Байдэн, Блінкен часта падкрэсьліваў важнасьць міжнародных саюзаў для Злучаных Штатаў. Чакаецца, што ён прыкладзе намаганьні для ўрэгуляваньня шматлікіх дыпляматычных спрэчак з саюзьнікамі ЗША, якія ўзьніклі пры адміністрацыі Трампа.

Большую частку сваёй маладосьці Блінкен правёў у Парыжы, таму свабодна валодае францускай мовай. У яго шырокі сьветапогляд, які, верагодна, моцна адрозьніваецца ад схільнасьці папярэдняй адміністрацыі да палітыкі «Амэрыка перадусім».

Рашучы прыхільнік NATO і вайскова-палітычнага саюзу Паўночнай Амэрыкі і Эўропы, Блінкен добра ведае постсавецкія геапалітычныя рэаліі. Чакаецца, што ён зойме больш жорсткую пазыцыю адносна агрэсіўнай палітыкі Крамля. Мяркуецца, што ён адыграў важную ролю ва ўвядзеньні санкцый супраць Расеі пасьля анэксіі ўкраінскага Крыму і заклікаў — хоць і беспасьпяхова — адміністрацыю Абамы даць Украіне сьмяротную зброю.

Дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнз

Калі кандыдат Байдэна на пасаду кіраўніка зьнешняй выведкі ЗША будзе ўхвалены Сэнатам, гэта будзе парушэньнем традыцыі. Уільям Бэрнз будзе першым кіраўніком Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША з досьведам дыплямата, а не кагосьці з выведнай супольнасьці.

Яго доўгая карʼера ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША з 1982 па 2014 год азначае, што ён будзе ў курсе і гатовы заняцца двума прыярытэтнымі кірункамі новай адміністрацыі: Расеяй і Іранам. 64-гадовы Бэрнз служыў амбасадарам у Расеі пры прэзыдэнце Джорджу Бушу і лічыцца ключавой фігурай у сакрэтных перамовах, якія адкрылі шлях да ядзернага пагадненьня Ірану са сьветам у 2015 годзе пры Абаму. Ён заяўляў, што падтрымлівае аднаўленьне ўмоваў гэтага знакавага ядзернага пагадненьня, зь якога ЗША выйшлі намаганьнямі прэзыдэнта Дональда Трампа.

Бэрнз служыў пры пяці амэрыканскіх прэзыдэнтах (як дэмакратах, так і рэспубліканцах) і добра дасьведчаны ў большасьці ключавых сфэраў зьнешняй палітыкі. Аднак адзначаецца, што яго абмежаваны досьвед працы з Кітаем можа стаць патэнцыйнай слабасьцю.

Байдэн патлумачыў свой выбар новага дырэктара ЦРУ тым, што Бэрнз «падзяляў маё глыбокае перакананьне ў тым, што выведка павінна быць апалітычнай», дадаўшы, што «ён прынясе неабходныя веды, меркаваньні і пэрспэктывы для прадухіленьня пагрозаў і супрацьдзеяньня ім».

Дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван

У свае 44 гады Джэйк Саліван павінен стаць самым маладым дарадцам ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі больш як за паўстагодзьдзя. Нягледзячы на маладосьць, ён лічыцца дасьведчаным экспэртам у галіне зьнешняй палітыкі, які будзе цалкам адпавядаць мэтам прэзыдэнцтва Байдэна. Ён ужо быў дарадцам у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі новаабранага прэзыдэнта, калі Байдэн быў віцэ-прэзыдэнтам у адміністрацыі Абамы. Саліван таксама кіраваў аддзелам плянаваньня палітыкі дзяржсакратара Гілары Клінтан у часы Абамы і стаў адным зь яе найбліжэйшых стратэгічных дарадцаў.

Мяркуецца, што Саліван мае цесныя адносіны з Блінкенам, які таксама быў дарадцам Байдэна ў справах нацыянальнай бясьпекі. Як і кандыдат у дзяржсакратары, Саліван зацікаўлены ў аднаўленьні адносін з саюзьнікамі ЗША, якія сталі напружанымі пры адміністрацыі Трампа. Ён заяўляў, што хацеў бы вярнуць Іран у рамкі разарванага ядзернага пагадненьня і прымусіць Тэгеран зноў прытрымлівацца яго ўмоваў.

Ён таксама заяўляў, што засяродзіцца на іншых пытаньнях, уключаючы Кітай і пандэмію COVID-19, якія, паводле яго слоў, павінны даць штуршок, каб «зрабіць здароўе насельніцтва пастаянным прыярытэтам нацыянальнай бясьпекі». Чакаецца, што Саліван заступіць на пасаду адразу пасьля інаўгурацыі Байдэна 20 студзеня, бо пасада дарадцы па нацыянальнай бясьпецы не патрабуе ўхваленьня ў Сэнаце.

Міністар абароны Лойд Остын

Чатырохзоркавы генэрал у адстаўцы, які праслужыў у арміі ЗША больш за 40 гадоў, Лойд Остын прынясе багаты досьвед у якасьці міністра абароны. Остын кіраваў скарачэньнем амэрыканскага кантынгенту ў Іраку і нарошчваньнем яго ў Аўганістане, а таксама дамагаўся адказу ЗША на пагрозу з боку экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Паведамляецца, што Байдэн быў уражаны працай Остына на пасадзе кіраўніка Цэнтральнага камандаваньня ЗША, якое адказвала за правядзеньне вайсковых апэрацый пры адміністрацыі Абамы. Што тычыцца абраньня Остына, Байдэн заявіў, што атрымае «ня толькі навыкі і стратэгію дасьведчанага салдата», але таксама даверыць амэрыканскія ўзброеныя сілы таму, хто таксама служыў дзяржаўным дзеячам, прадстаўляючы нашу краіну з гонарам і годнасьцю, і заўсёды перш за ўсё абараняў свой народ».

Калі Сэнат ухваліць яго кандыдатуру, 67-гадовы Остын завершыць сваю беспрэцэдэнтную карʼеру як першы афраамэрыканец на пасадзе міністра абароны. Але ёсьць адзіная магчымая перашкода: для прызначэньня Остына патрабуецца ўхваленьне Сэнату, і невядома, ці зробяць сэнатары для яго выключэньне, бо міністар абароны павінен быць цывільнай асобай, якая актыўна не служыла ў войску як мінімум сем апошніх гадоў. Остын падаў у адстаўку ў 2016 годзе. Гэткае выключэньне было зроблена толькі двойчы: для Джорджа Маршала ў 1950 годзе і Джэймса Мэтыса ў 2017 годзе падчас прэзыдэнцтва Трампа.

Прадстаўніца ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд

68-гадовая Лінда Томас-Грынфілд – карʼерная дыпляматка, якая адпрацавала ў дыпляматычнай службе ЗША каля 35 гадоў, пакуль яе ня звольнілі. Паведамлялася, што прычынай стала «чыстка» дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША адміністрацыяй Трампа ў 2017 годзе.

З таго часу яна займала высокую пасаду ў міжнароднай стратэгічнай кампаніі, якую ўзначальвае экс-дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт. Томас-Грынфілд таксама працуе з камандай Байдэна ў працэсе перадачы ўлады пасьля выбараў у лістападзе.

Акрамя працы амбасадарам ЗША ў Лібэрыі, яна таксама служыла ў шэрагу дыпляматычных місіяў за мяжой — у такіх краінах, як Пакістан, Кенія і Ямайка. Яна таксама некалькі гадоў працавала галоўным дыпляматам ЗША ў Афрыцы і займала кіроўныя пасады ва Ўпраўленьні народанасельніцтва, уцекачоў і міграцыі Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Прызначэньне Томас-Грынфілд разглядаецца як спосаб часткова выканаць абяцаньні Байдэна выбраць афраамэрыканскае дзіця, якое вырасла ў расава падзеленым горадзе на поўдні ЗША. Рэагуючы на абвяшчэньне сваёй кандыдатуры, яна ўпершыню ўзгадала сваю маці:

«Маці навучыла мяне ісьці зь сілай дабрыні і спагады, каб зрабіць сьвет лепшым. Я несла гэты ўрок з сабой на працягу ўсёй сваёй карʼеры ў дыпляматычнай службе — і ў выпадку ўхваленьня я буду рабіць тое самае як амбасадарка пры ААН».

Міністар юстыцыі Мэрык Гарланд

Калі б усё ішло паводле пляну, 68-гадовы Мэрык Гарланд ня змог бы стаць галоўным супрацоўнікам праваахоўных органаў і юрысконсультам новаабранага прэзыдэнта ЗША. Ён быў першым кандыдатам былога прэзыдэнта ЗША Барака Абамы на вызваленае месца ў Вярхоўным судзе ў 2016 годзе. Але Гарланд не атрымаў ухваленьня рэспубліканцаў у Сэнаце, нягледзячы на сваю доўгую працу ў Фэдэральным апэляцыйным судзе. Ён таксама мае вялікі досьвед працы ў Міністэрстве юстыцыі ЗША, у тым ліку ў якасьці фэдэральнага пракурора.

Калі кандыдатуру Гарланда ўхваляць, ён возьме на сябе кіраваньне Міністэрствам юстыцыі пасьля бурнага пэрыяду, калі гэтую пасаду займаў Уільям Бар, які часта публічна зьдзекаваўся з уласных супрацоўнікаў. Чакаецца, што добрая рэпутацыя Гарланда ў Міністэрстве юстыцыі павысіць маральны дух агенцтва. Падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі Байдэн паабяцаў спыніць расавы канфлікт у сыстэме правасудзьдзя шляхам правядзеньня шэрагу рэформаў, такіх як адмена сьмяротнага пакараньня на фэдэральным узроўні і адказнасьць паліцэйскіх ведамстваў за любыя сыстэматычныя парушэньні.

Улічваючы нечаканую перамогу двух дэмакратаў на выбарах у Сэнат у Джорджыі, якія далі Байдэну кантроль над абедзьвюма палатамі Кангрэсу, Гарланд будзе мець добрыя шанцы ўвесьці гэтыя зьмены.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG