Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кабуле забілі дзьвюх судзьдзяў Вярхоўнага суду Аўганістану


Сваякі забітых жанчын-судзьдзяў на месцы атакі, Кабул, 17 студзеня 2021

Аўганскія афіцыйныя асобы заявілі 17 студзеня, што ў Кабуле былі застрэленыя дзьве судзьдзі Вярхоўнага суду.

Прадстаўнік суду паведаміў, што нябожчыцы накіроўваліся на працу, калі невядомыя напалі з засады і абстралялі іхны службовы аўтамабіль. Гарадзкая паліцыя пацьвердзіла, што ў выніку нападу былі параненыя трэцяя жанчына-судзьдзя і кіроўца аўтамабіля. Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасьць за атаку. Прадстаўнік Талібану адпрэчыў дачыненьне руху да забойства.

Аўганскія ўлады паведамілі, што ў цяперашні час у краіне налічваецца каля 250 жанчын-судзьдзяў і каля 400 жанчын-пракурораў. Гэтая атака стала чарговым забойствам, ахвярамі якіх становяцца афіцыйныя асобы, палітыкі, пракуроры, лекары, журналісты і актывісты грамадзянскай супольнасьці, адзначае «Голас Амэрыкі». Як правіла, інцыдэнты адбываюцца ў Кабуле і яго навакольлі, і ў большасьці выпадкаў ніхто не бярэ за іх адказнасьць.

Асудзіўшы забойства судзьдзяў, прэзыдэнт Ашраф Гані зноў абвінаваціў Талібан у тым, што ён стаіць за сэрыяй сьмяротных інцыдэнтаў. Паўтарыўшы заклік да паўстанцаў абвясьціць спыненьне агню, аўганскі лідэр падкрэсьліў, што «гвалт і тэрарызм» не зьяўляюцца вырашэньнем праблемы.

Са свайго боку, дадае «Голас Амэрыкі», Талібан абвінавачвае ўрад у Кабуле ў падрыхтоўцы мэтанакіраваных забойстваў з мэтай зьняславіць групоўку і падарваць ўнутрыаўганскія мірныя перамовы пры пасярэдніцтве ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG