Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім футбольным клюбам забаранілі зборы за мяжой


Футбольная сустрэча барысаўскага БАТЭ і берасьцейскага «Дынама»

У сярэдзіне студзеня Міністэрства спорту выключыла футбол зь ліку «прыярытэтных», заявіўшы, што гэты від спорту ня выканаў пастаўленых задач. Наступствы гэтага ўжо адчулі беларускія клюбы, у тым ліку вядучыя.

Клюбам розных дывізіёнаў чэмпіянату Беларусі ў футболе забараняюць праводзіць вучэбна-трэнавальныя зборы за мяжой, паведамляе «Прессбол».

«Нягледзячы на ясную пазыцыю Беларускай фэдэрацыі футболу (АБФФ) і Міністэрства спорту з нагоды замежных збораў у бягучых умовах, шэраг клюбаў працягвае „перакідваньне паперкамі“ з гэтымі інстанцыямі ў надзеі знайсьці паразуменьне».

Дзяржава фінансуе ўсе клюбы, якія плянавалі замежны ваяж. На думку выданьня, захоўваецца ілюзія выбару, але ў выпадку палёту ў Турэччыну ці на Кіпр на зборы каманду пазбавяць дзяржаўнай падтрымкі. А адарваньне ад бюджэту для большасьці клюбаў нават з Найвышэйшай лігі стане істотным ударам па фінансаваньні, а магчыма, нават спрычыніцца да іх зьнікненьня.

Але нават калі клюбы не паляцяць на зборы за мяжу, захаваўшы дзяржаўнае фінансаваньне, варта памятаць пра «падтэкст» — праз выключэньне футболу са сьпісу прыярытэтных для Міністэрства спорту відаў у ім усё адно будзе меней бюджэтных грошай.

Калі дамовіцца з АБФФ і Мінспорту не атрымаецца, чэмпіён краіны «Шахтар» з Салігорску не паляціць у ААЭ, дзе меў цэлы плян сустрэч з клюбамі з Украіны, Латвіі і Расеі. Таксама ў такім выпадку немагчымымі стануць зборы барысаўскага БАТЭ, жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», менскага «Дынама», берасьцейскага «Руху» і іншых камандаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG