Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады калёніі — чарговы прысуд за пратэсты ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі


Затрыманьне ўдзельніка акцыі пратэсту, Менск, 14 ліпеня 2020

Сёньня суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў 21-гадовага Арцёма Паўлечку па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка АМАПу) Крымінальнага кодэксу за падзеі 14 ліпеня ў Менску.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гэта ўжо восьмая крымінальная справа за ўдзел у акцыях пратэсту ў сталіцы супраць нерэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якая разглядаецца менскімі судамі.

Арцёма Паўлечку абвінавацілі ў тым, што 14 ліпеня на плошчы Перамогі ён ударыў АМАПаўца нагой у грудзі і прымаў удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць парадак. Судзьдзя Юлія Густыр пакарала 21-гадовага менчука трыма гадамі пазбаўленьня волі. 21 год Арцёму споўніўся 14 студзеня. У гэты дзень ён прамаўляў апошняе слова ў судзе.

Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнік менскага АМАПу — Віталь Самалётаў. Ён ужо выступаў пацярпелым у справе Ільлі Фрэня, якога суд Маскоўскага раёну Менску 24 сьнежня адправіў на 4 гады ў калёнію.

Гвалт у адносінах да супрацоўніка АМАПу выявіўся ў тым, што Паўлечка «нанёс удар нагой у грудзі Віталю Самалётаву, прычыніўшы яму фізычны боль».

Арцём Паўлечка прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. У аснову абвінавачаньня леглі яго паказаньні, паказаньні пацярпелых і сьведак-супрацоўнікаў АМАПу, пісьмовыя матэрыялы справы і відэаролік, які быў прагледжаны ў закрытым судовым пасяджэньні, бо на ім зьмешчаны лягатып тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG