Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыя бяз «чорнай сотні»


Мітынг у падтрымку Лукашэнкі, Магілёў, 18 жніўня
Мітынг у падтрымку Лукашэнкі, Магілёў, 18 жніўня

Сьцісла

  • Падчас цяперашняй беларускай рэвалюцыі не паўстала хоць колькі-небудзь істотнай ляялісцкай арганізацыі
  • Падчас рэвалюцыі 1905–1907 гадоў быў даволі масавы, адносна аўтаномны праўладны рух — «чорная сотня»
  • Грамадзкая актыўнасьць у падтрымку ўлады ў беларускай рэвалюцыі каардынуецца і арганізоўваецца выключна самой уладай
  • Магчыма, улада сама не спрыяе ці нават спыняе спробы спантаннай самаарганізацыі на яе карысьць, бо такая самарганізацыя зьніжае кантраляванасьць
  • Для стварэньня ляялісцкай арганізацыі ў сучаснай Беларусі вельмі слабы ідэалягічны грунт

Цікавая асаблівасьць цяперашняй беларускай рэвалюцыі — што падчас яе не паўстала хоць колькі-небудзь істотнай ляялісцкай арганізацыі.

Магчыма, за Лукашэнку не адно АМАП ды ідэалягічная абслуга. Нават хутчэй за ўсё ня толькі яны. Паводле апытаньня Chatam House, сярод гараджанаў лукашэнкаў «бэтон» складае недзе чвэрць, у вёсцы, можна меркаваць, і болей.

«Чорнай сотні толькі міл, бо робіць па-сьвінску»

Гэтак Якуб Колас пісаў у 1906 годзе ў вершы «Канстытуцыя» пра тагачаснага герарха праваслаўнай царквы ў Беларусі, архіяпіскапа Міхаіла.

І сапраўды тады, у рэвалюцыю 1905–1907 гадоў, у Расейскай імпэрыі паўсталі даволі шматлюдныя праўладныя арганізацыі, партыі. Былі яны тады і ў Беларусі, што вынікае і з Коласавага верша.

Тое, што дзяржава ім спрыяла, фінансава падтрымлівала — гэта зразумела. Але пэўная ступень аўтаноміі ў іх была, і стваралі іх не чыноўнікі і не службоўцы «охранки», і самастойныя дзеяньні яны часта ўчынялі (у прыватнасьці, пагромы), часам на шкоду рэпутацыі рэжыму.

Аднак у любым выпадку гэта была ляялісцкая частка грамадзянскай супольнасьці, форма самаарганізацыі грамадзтва.

Толькі дзяржава

А ў цяперашняй Беларусі — у гэтым сэнсе суцэльная пустата.

Масавыя акцыі ў падтрымку ўлады былі пераважна арганізаваныя апаратам улады. Гэта ня значыць, дарэчы, што ўсе іх удзельнікі ішлі туды пад прымусам. Але гэта азначае, што самаарганізацыя ў падтрымку ўлады практычна адсутнічае.

І ў гэтым — вялікі кантраст з сытуацыяй на другім баку палітычнага супрацьстаяньня, дзе ўзровень самаарганізацыі вельмі высокі, дзе самаарганізацыя практычна замяняе палітычнае лідэрства.

«Чорная сотня» — двугострая зброя

Магчыма, улада сама не спрыяе ляялісцкай самаарганізацыі і нават яе абмяжоўвае.

Бо яна — справа двугострая. З аднаго боку, арганізаваная народная падтрымка мацуе рэжым. І адсутнасьць яе — гэта слабасьць. З другога боку, такая самаарганізацыя — гэта, як і пратэст, разбурэньне ідэалягемы пра «ціхі мірны народ». Ціхай і мірнай «чорная сотня» дакладна не была. І не бывае.

Да таго ж у «чорнай сотні» была ўсё ж пэўная ідэалёгія, якая ня зводзілася да любові адно да існага манарха. Там быў і манархізм, любоў да інстытуту, а не адно да асобы, і шэраг іншых чыньнікаў. Цяпер ва ўладнага боку з ідэалёгіяй туга.

Манархізм ня роўны любові да манарха

Гэта яшчэ адна прычына, чаму з «чорнай сотняй» у сучаснай Беларусі атрымліваецца ня надта.

І ня толькі ў тым справа, добра гэта ці кепска. Гэта, безумоўна, добра. Да пагромаў, якія чыняць сілавікі, толькі не хапае яшчэ і наладжаных ляялістамі.

Але справа і ў тых рэаліях, у фактах, якія характарызуюць цяперашнюю эпоху, цяперашні стан грамадзтва — на што яно гатовае, да чаго яно сасьпела, што яно выбірае і ад чаго адмаўляецца.

Да рэвалюцыі можна было сабе ўяўляць яе як заўгодна. Калі яна адбылася, яна стала дэманстрацыяй таго, якое сучаснае беларускае грамадзтва, што яно можа і чаго ня можа, да чаго яго можна падштурхнуць, а да чаго нельга.

Вось ёсьць пратэставыя дваровыя чаты — і гэта факт. Беларускі пратэст быў і ёсьць мірным — гэта факт. І нічые пэрсанальныя заклікі і спробы не маглі зьмяніць гэты агульны характар пратэсту. Гэтак жа і «чорная сотня» — тэарэтычна магла б быць. Але не было.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG