Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За поўху апэратару БТ пракурор запрасіў два гады


Вячаслаў Ламаносаў у судзе. Менск, 30 сьнежня.

Станоўчыя характарыстыкі на абвінавачанага ў суд даслалі прадстаўнікі віцебскіх праваслаўнай і рымска-каталіцкай эпархій, былыя калегі па тэлерадыёкампаніі «Віцебск». Нават пацярпелы выступае супраць пазбаўленьня волі.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Вячаслава Ламаносава пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму на 2 гады. Чакаецца, што сёньня пасьля абеду абвінавачаны выступіць з апошнім словам.

У Кастрычніцкім судзе Менску працягваецца працэс над 52-гадовым Вячаславам Ламаносавым, якога вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 25 кастрычніка і пабіцьці тэлеапэратара БТ.

На яго завялі справу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 (Хуліганства) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Разглядае справу судзьдзя Алена Жывіца. У судзе Вячаслаў Ламаносаў знаходзіцца ў клетцы пад вартай.

Сёньня ў судзе быў дапытаны пацярпелы тэлеапэратар АТН Іван Мартыновіч. Ён выступіў супраць пазбаўленьня волі Вячаслава Ламаносава.

«Я лічу, што пазбаўленьне волі — гэта лішняе. Чалавек пэўны час адседзеў за хаджэньні па вуліцах Менску. Я лічу гэта няправільным», — сказаў ён пасьля выступу дзяржабвінаваўцы, які палічыў віну Ламаносава даказанай і папрасіў пакараць яго пазбаўленьнем волі на 2 гады.

Вячаслаў Ламаносаў, суд 30 сьнежня.
Вячаслаў Ламаносаў, суд 30 сьнежня.

Адвакатка ў сваім выступе сказала, што «ніякіх доказаў злачынства паводле 342-га артыкулу не было здабыта» і абвінавачанага трэба апраўдаць. Яна аспрэчыла словы дзяржаўнага абвінаваўцы, які казаў, што няма ніякіх зьмякчальных абставін віны па артыкуле 339-м. Яна нагадала, што абвінавачаны раскаяўся, прынёс прабачэньні і гэта было запісана на відэа. Адвакатка папрасіла прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Пацярпелы падтрымаў у судзе адваката.

Што сказаў пацярпелы падчас допыту

36-гадовы тэлеапэратар Іван Мартыновіч разам з карэспандэнтам Аляксандрам Хараўцом здымаў відэа на маршы. Людзі казалі ім: «Фу, ганьба!», таксама і абвінавачаны крычаў «Ганьба!»
«Аляксандру плюнулі ў твар, натоўп гудзеў, я здымаў. Нейкая дзяўчына з абразом стукала па аб’ектыве, штурхала, каб я не здымаў. Я руку яе прыбраў, бо яна біла ў лінзу аб’ектыва. А потым прыйшоў мне ўдар», — сказаў ён.

Маёмасьць апэратара не была пашкоджаная, у лякарню пасьля ўдару ён не зьвяртаўся і ад яго не заваліўся.

«Удар быў кулаком у левую частку, сьлізгальны, ад ніжняй часткі вока і да сківіцы, слабы ўдар, — сказаў апэратар. — Нейкіх бачных пашкоджаньняў не было, нешта было зубное, але мне ўсё роўна сказалі здаць пабоі. Але экспэртыза нічога не паказала».

Мартыновіч сказаў, што ня мае да абвінавачанага нейкіх прэтэнзій матэрыяльнага характару.

«Быў інцыдэнт і быў, я, магчыма, і заявы не пісаў бы. Але пасьля таго, як мы далей працавалі на пратэстах, нас узялі ў кола, білі па нагах, па руках і па нырках. Была агрэсія з боку людзей, і мне на працы сказалі, што трэба абавязкова напісаць заяву. Але сам я не хацеў».

Вячаслаў Ламаносаў за кратамі.
Вячаслаў Ламаносаў за кратамі.

Ламаносаў папрасіў у судзе прабачэньня ў Мартыновіча. Сказаў, што ён «проста сарваўся»

«Прэтэнзій да цябе ня маю», — сказаў пацярпелы.

Адказваючы на пытаньні судзьдзі, Мартыновіч сказаў, што «крышку адчуваў боль» ад удару, «нешта было ў раёне зубоў», гематомаў ці ранаў не было.

Што было ў першы дзень суду

На першае пасяджэньне пацярпелы тэлеапэратар Іван Мартыновіч ў суд не прыйшоў, але судзьдзя вырашыла разглядаць справу.
Ламаносаў сказаў, што падчас акцыі на праезнай частцы сустрэў карэспандэнта БТ Аляксандра Хараўца з апэратарам. Ён сказаў Хараўцу, што ў яго матэрыялах ёсьць непраўдзівыя зьвесткі. У гэты час жанчына з натоўпу падышла з абразом і перакрыла аб’ектыў апэратара, які вёў здымкі. Апэратар адштурхнуў жанчыну ўбок, і Вячаслаў спантанна выцяў апэратара правай рукой, «мезенцам і безназоўным пальцамі ў вобласьць сківіцы». Мартыновіч ад удару ня падаў.

У абвінавачаньні гаворыцца, што Ламаносаў нанёс удар рукой па галаве тэлеапэратару Мартыновічу, у выніку чаго «нанёс яму пабоі і прычыніў фізычны боль».

Вячаслаў Ламаносаў прызнае сваю віну часткова і прасіў прабачэньня ў пацярпелага на відэакамэру і гатовы прабачыцца перад ім у любой форме.

У судзе Ламаносаў таксама падрабязна расказаў пра катаваньні падчас затрыманьня, падчас якіх яму зламалі тры рабрыны і палец.
Таксама ў першы дзень суду быў дапытаны сьведка, 32-гадовы Аляксандар Харавец, які працуе загадчыкам аддзела рэпартэраў АТН на БТ. Журналіст сказаў, што ня бачыў, як Ламаносаў ударыў ягонага апэратара, бо ў гэты момант яго штурхнулі ў плячо, а калі ён павярнуўся, то ў яго плюнуў незнаёмы мужчына. Харавец пачаў выцірацца, а потым да яго падышоў апэратар Мартыновіч і сказаў, што яго выцялі. Але сьлядоў удару відаць не было.

«З вялікім трапятаньнем ставіцца да хрысьціянскіх сьвятыняў»


Да справы далучылі шэраг хадайніцтваў за Вячаслава Ламаносава. Адно зь іх падпісаў 31 былы калега з тэлерадыёкампаніі «Віцебск». «У калектыве ніколі не праяўляў агрэсіі, заўсёды прыходзіў на дапамогу», — пішуць яны.

Характарыстыку на Ламаносава, «веруючага чалавека», ад Віцебскай эпархіі Беларускага экзархату падпісаў сакратар эпархіі пратаярэй Ўладзімер Рэзановіч. У дакумэнце гаворыцца, што Ламаносаў як рэжысэр тэлеперадач цягам больш чым 20 гадоў «актыўна асьвятляў» на тэлевізіі жыцьцё Віцебскай эпархіі.

У хадайніцтве юдэйскай рэлігійнай грамады «Дом Ізраілю», якое падпісаў рабін Віцебску Малкіель Гаргодзэ, Ламаносаў названы «прафэсіяналам з вялікай літары, далікатным, карэктным».
Хадайніцтва Віцебскай эпархіі Рымска-каталіцкай царквы падпісаў біскуп Алег Буткевіч. Ён называе Ламаносава глыбока веруючым чалавекам, які «з вялікім трапятаньнем ставіцца да хрысьціянскіх сьвятыняў», мае дружалюбны і ўраўнаважаны характар і «вылучацца павагай і клопатам пра чалавечую годнасьць і імкненьнем яе абараніць». Ён «ніколі не выказваўся непаважліва пра апанэнтаў», «ня схільны да авантураў і правакацый».

Рашэньне па справе Вячаслава Ламаносава будзе агалошана заўтра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG