Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр мастак Леанід Шчамялёў, крыху не дажыў да 100 гадоў


Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў

14 студзеня на 98-м годзе памёр народны мастак Беларусі, ляўрэат Дзаржаўнай прэміі Леанід Шчамялёў. Пра час і месца разьвітаньня з мэтрам беларускага жывапісу родныя паведамяць пазьней.

«Пайшоў з жыцьця знакаміты беларускі творца, легенда айчыннага мастацтва. А разам зь ім — цэлая эпоха...», — гаворыцца ў паведамленьні Беларускага саюзу мастакоў.

Леанід Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 году ў Віцебску. Удзельнік Другой сусьветнай вайны, служыў у каввалерыі. У баях за Беларусь быў цяжка паранены.

Пасьля вяртаньня да мірнага жыцьця скончыў Менскую мастацкую вучэльню. Потым вучыўся ў Віталя Цьвіркі ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, да апошняга часу працаваў у майстэрні свайго настаўніка.

У майстэрні мастака
У майстэрні мастака

Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, сам быў выкладчыкам — вучыў малюнку ў Менскай мастацкай вучэльні і Рэспубліканскай школе-інтэрнаце музыкі і выяўленчага мастацтва.

Неаднаразова абіраўся на кіроўныя пасады Саюза мастакоў СССР і Беларусі: сакратар Саюза мастакоў СССР, старшыня Мастацкага фонду БССР, першы сакратар праўленьня і старшыня Рады Беларускага саюзу мастакоў.

Леанід Шчамялёў са сваёй музай, жонкай Сьвятланай
Леанід Шчамялёў са сваёй музай, жонкай Сьвятланай

«Леанід Шчамялёў — чалавек дзіўнага творчага лёсу, які зрабіў вялізны ўнёсак у скарбніцу нацыянальнай выяўленчай культуры, — адзначаюць у мастакоўскай арганізацыі. — „Мае палотнішчы — мае дзёньнікі“, — казаў ён. Партрэты балярыны Людмілы Бржазоўскай, мастака Віталя Цьвіркі, пісьменьніка Якуба Коласа. Гарадскія пэйзажы Менска і Віцебска, малюнкі з падарожжаў па Сярэдняй Азіі і Поўначы. На адной з самых вядомых працаў „Нібы ў сьне“ ён разам з жонкай Сьвятланай узьлятае на чароўным скакуне і лунае над роднай Беларусьсю. Леанід Дзьмітрыевіч стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць вызначальнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. нездарма яго творчасьць называюць летапісам эпохі».

Леанід Шчамялёў — народны мастак Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі кавалер ордэна Францішка Скарыны, а таксама баявых ордэнаў «Айчынная вайна» 1-й і 2-й ступеняў. Ад 2003 году ў Менску працуе гарадзкая карцінная галерэя ягоных твораў.

Мастак неаднаразова быў героям эфіраў і публікацый на Радыё Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG