Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп апублікаваў відэазварот, у якім асудзіў гвалт і ні разу не згадаў імпічмэнт


Дзейны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў сераду ўвечары апублікаваў свой відэазварот, у якім асудзіў гвалт і ня стаў згадваць імпічмэнт, абвешчаны яму Палатай прадстаўнікоў

Заява зьявілася ў Twitter і YouTube Белага дома, калі сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі падпісвала рашэньне аб імпічмэнце, ухваленае большасьцю галасоў заканадаўцаў. Пра гэта паведаміў «Голас Амэрыкі».

У сваім выступе Трамп засяродзіў увагу на гвалце, які адбыўся ў Капітоліі 6 студзеня і прывёў да імпічмэнту ў Палаце прадстаўнікоў з фармулёўкай «за падбухторваньне да гвалту».

«Я хачу гранічнай яснасьці: я безумоўна асуджаю гвалт, які мы ўбачылі на мінулым тыдні. У нашай краіне... няма месца гвалту і вандалізму», — заявіў Трамп, дадаўшы, што людзі, якія ўчынілі беспарадкі ў Капітоліі, не зьяўляюцца яго «сапраўднымі прыхільнікамі».

У пяціхвіліннай заяве Трамп ніводнага разу не згадаў рашэньне Палаты прадстаўнікоў абвясьціць яму імпічмэнт. Крыніцы тэлеканалу ABC News расказалі, што прэзыдэнт сачыў за пасяджэньнем Палаты прадстаўнікоў па тэлевізары і раззлаваўся, калі даведаўся, што дзесяць прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі прагаласавалі за імпічмэнт.

Пасьля абвяшчэньня рашэньня Палаты прадстаўнікоў дыскусія пра імпічмэнт Трампа працягнецца ў Сэнаце, які таксама павінен прагаласаваць па гэтым пытаньні. Імпічмэнт адбудзецца, калі яго падтрымаюць прынамсі дзьве траціны чальцоў Сэнату.

Калі Трампу будзе абвешчаны імпічмэнт, яго паўнамоцтвы павінны быць перададзеныя віцэ-прэзыдэнту Майку Пэнсу. Аднак на практыцы гэтага, хутчэй за ўсё, не адбудзецца, бо 20 студзеня мае адбыцца інаўгурацыя абранага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

Прынцыповае значэньне імпічмэнту Трампа палягае ў тым, што калі адпаведнае канчатковае рашэньне будзе прынятае, ён ня зможа больш балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Трампу ўжо спрабавалі абвясьціць імпічмэнт у 2019 годзе — Палата прадстаўнікоў тады таксама ўхваліла гэтае рашэньне, але Сэнат яго не падтрымаў.

На мітынгу ў Вашынгтоне 6 студзеня Трамп чарговы раз заявіў, што «выбары былі скрадзеныя». Пасьля яго выступу некалькі сотняў прыхільнікаў прэзыдэнта ўварваліся ў будынак Капітолія падчас сумеснага пасяджэньня абедзвюх палатаў Кангрэсу, на якім меліся быць зацьверджаныя вынікі выбараў. Падчас штурму Капітолія загінула адна прыхільніца Трампа, усяго паведамлялася пра пяць загінулых 6 студзеня, адзін зь іх — паліцэйскі. Празь некалькі гадзінаў пасьля захопу будынку Кангрэс канчаткова зацьвердзіў перамогу Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG