Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку фактаў катаваньня Міколы Дзядка, ён застаецца пад вартай


Мікалай Дзядок. Архіўнае фота.

Мікола сказаў адвакату, што яго моцна пабілі пры затрыманьні.

Бацька палітвязьня, актывіста анархічнага руху Міколы Дзядка Аляксандар Дзядок паведаміў Свабодзе, што скаргу на катаваньні падчас ягонага затрыманьня праваахоўныя органы не задаволілі. Сьледчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку.

Мікола ўжо два месяцы знаходзіцца пад вартай у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Паводле словаў самога Міколы адвакату, яго моцна пабілі падчас затрыманьня.

«Учора прайшло роўна 2 месяцы з дня затрыманьня. Яго павінны былі альбо выпусьціць, альбо пачаць працэс. Ні таго, ні другога не адбылося. З гэтага выснова, што арышт працягнулі. На які тэрмін — невядома, дакумэнтаў мы пакуль ня бачылі»,— сказаў Свабодзе бацька Міколы Аляксандар Дзядок.

Праваабаронцы «Вясны» зьвярнуліся да спэцдакладчыцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн і спэцдакладчыка аб катаваньнях Нільса Мэльцэра і заклікалі іх умяшацца ў сытуацыю.

Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна пабілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. Затым яму прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

Аляксандар Дзядок расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», па факце якіх катаваньняў Мікалая ён падаў заяву ў Сьледчы камітэт і чаго патрабуе ад ведамства.

Пасьля затрыманьня Мікалая Дзядка 12 лістапада МУС паведамляла, што ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках. Прэс-служба ведамства апублікавала відэа, на якім Мікалай Дзядок выглядае моцна пабітым.

«На такія зьдзекі яны атрымалі дазвол з самага верху»

Паводле бацькі Мікалая, увечары 12 лістапада да яго ў кватэру ўварваліся сем супрацоўнікаў ГУБАЗіК, пасьля чаго пачалі біць, пагражаць і катаваць Міколу:

«Нягледзячы на тое, што ён быў адзін у кватэры, не аказваў ім ніякага супраціву, быў бяззбройны і зусім не агрэсіўны, яго сталі біць, патрабуючы нейкіх прызнаньняў і паролі да кампутара і Telegram.

Да яго ўжываліся катаваньні з мэтай прыгняценьня яго волі, у тым ліку пагрозы больш жорсткага фізычнага гвалту. Да яго былі ўжытыя катаваньні газам, распыленым у твар, пры гэтым яго рукі былі скаваныя ззаду.

Усё гэта мне вядома з апублікаванага МУС відэа, з апавяданьняў Мікалая адвакату і з хадайніцтва адваката сьледчаму. Адвакатка бачыла на целе і на твары Мікалая множныя пашкоджаньні, атрыманыя падчас зьбіцьця ў кватэры і ў будынку ГУБАЗіКу ў Менску. Таксама супрацоўнікі ведамства пагражалі Мікалаю далейшым гвалтам, калі ён будзе расказваць аб злачынных дзеяньнях бандытаў з ГУБАЗіКу.

Яны, цынічна зьдзекуючыся зь Мікалая, паверыўшы ў сваю ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць, паказалі жорстка пабітага імі чалавека па цэнтральным тэлебачаньні. Гэта сьведчыць аб тым, што на такія зьдзекі яны атрымалі дазвол з самага верху. Безь яго гэтыя баязьліўцы не паказалі б такое на тэлевізіі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG