Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа зьняволеных журналістак «Белсату» Андрэевай і Чульцовай паступіла ў Фрунзэнскі суд Менску


Кацярына Андрэева (зьлева) і Дар'я Чульцова

12 студзеня ў суд Фрунзэнскага раёну Менску паступіла крымінальная справа журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай.

«12 студзеня 2021 году ў суд Фрунзэнскага раёну Менску паступіла крымінальная справа па абвінавачваньні Бахвалавай Кацярыны Андрэеўны і Чульцовай Дарʼі Дзьмітрыеўны, абвінавачаных у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК», — напісала ў Фэйсбуку памочніца старшыні Менскага гарадзкога суду Надзея Антонік.

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада падчас стрыму з аднаго з дамоў, разьмешчаных на «плошчы Перамен». 20 лістапада абедзьвюм дзяўчатам выставілі крымінальныя абвінавачаньні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Журналістак перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА Жодзіна, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Паводле мужа Кацярыны Андрэевай Ігара Ільяша, судзіць Кацярыну будуць разам з Дар’яй Чульцовай. Адвакатка Дар’і знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і амаль не дае інфармацыі пра стан сваёй падабароннай. Бацькі таксама неахвотна кантактуюць са СМІ. Аднак Чульцова і Андрэева паўсюль у дакумэнтах і матэрыялах справы праходзяць разам, таму можна меркаваць, што іх справа павінна разглядацца таксама ў адным працэсе.

Першы тыдзень арышту Чульцова і Андрэева нават знаходзіліся ў адной камэры, але потым іх разьдзялілі. Журналісткі толькі аднойчы бачыліся ў калідоры СІЗА ў Жодзіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG