Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзін зь людзей у чорным закрычаў, што ён з Расеі». У Горадні пачаўся суд за бойку з амапаўцамі ў верасьні


Затрыманьні на акцыі пратэсту ў Горадні 6 верасьня

12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні судзяць 5 чалавек за падзеі 6 верасьня. Адна з падсудных заявіла, што невядомыя ў чорным, якіх у судзе назвалі амапаўцамі, крычалі, што прыехалі з Расеі.

На лаве падсудных — браты Ўладзімер і Юры Седзянеўскія, Аляксандар Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сьцяпанцава. Іх абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (непадпарадкаваньне супрацоўнікам пры выкананьні імі службовых абавязкаў). Справа распачата за падзеі ў Горадні 6 верасьня, піша «Вясна».

Працэс вядзе судзьдзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

У справе фігуруюць 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Ніхто зь іх на першае судовае пасяджэньне не прыехаў. Суд пастанавіў выклікаць іх на другое. Пры гэтым прозьвішчы амапаўцаў у справе зьмененыя, гэта тлумачыцца «мерамі бясьпекі».

Хто абвінавачаныя і што напісана ў пратаколах?

  • Уладзімер Седзянеўскі, мае траіх дзяцей 1, 7 і 9 гадоў. «Нібыта „натхняў“ навакольных, нанёс шкоду аўтапарку ў памеры 20 рублёў і тралейбуснаму парку ў памеры 51 рубель. Разам зь іншымі выштурхоўваў супрацоўнікаў УУС з праезнай часткі, заклікаў іншых грамадзянаў да непадпарадкаваньня, што заахвоціла іх кідаць камяні».
  • Юры Седзянеўскі, мае дваіх дзяцей 2 і 7 гадоў, інжынэр. «Меў намер на ўжываньне гвалту да 13 супрацоўнікаў АМАПу».
  • Аляксандар Якубоўскі, двое дзяцей 2,5 і 4 гадоў, дырэктар прыватнай фірмы. «Прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, перашкодзіў службовай дзейнасьці 10 супрацоўнікаў міліцыі. Пагражаў прымяненьнем гвалту да іх, узяўшыся за рукі з чатырма іншымі ўдзельнікамі акцыі. Якубоўскі заахвоціў да гвалтоўных дзеяньняў, прычыніў фізычны боль».
  • Жанна Захаркевіч, двое дзяцей 14 і 16 гадоў. Абвінавачаньні падобныя да тых, што выставілі Юрыю Седзянеўскаму.
  • Надзея Сьцяпанцава, мае сына 17 гадоў. «Перашкодзіла службовай дзейнасьці 12 супрацоўнікаў АМАПу. Пагражала прымяненьнем гвалту да супрацоўнікаў, ударыла аднаго па твары. З прычыны далейшага ўдзелу ў шэсьці да ўнівэрмагу „Берасьце“ аўтапарку нанесьлі шкоду памерам 61 рубель».

Што кажуць абвінавачаныя?

Аляксандар Якубоўскі сказаў на судзе, што 6 верасьня накіроўваўся ў кампутарную акадэмію «Шаг» запісвацца на курсы, убачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Сьцьвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства ня чуў і ніхто зь людзей не парушаў грамадзкі парадак. Яго схапіў невядомы ў балаклаве і без апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусьціў.

На іншых людзей наляцелі невядомыя ў чорнай вопратцы. Якубоўскі заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякай агрэсіі і гвалтоўных дзеяньняў. Наадварот, быў гвалт у дачыненьні да мірных людзей, яго асабіста таксама затрымалі і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазьней аштрафавалі на 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.

Надзея Сьцяпанцава сказала, што, апрача роднай сястры Жанны Захаркевіч, іншых трох абвінавачаных раней ня ведала. 6 верасьня кіравалася ў гандлёвы цэнтар, на вуліцы Гарнавых убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія пырскалі ў мірных людзей газам. Кажа, што перажыла тады шок.

Сьцяпанцава ўспомніла, што калі большасьць людзей разьбегліся, пачалася бойка зь людзьмі ў чорным, адзін зь іх душыў чалавека каленам. Яшчэ адзін з нападнікаў у чорным крычаў, што ён з Расеі, потым гэта крычалі й іншыя, і пры тым лаяліся матам. Па яе словах, удары наносілі толькі людзі ў чорным, мірныя жыхары гэтага не рабілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG