Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыю Калесьнікаву перавялі з Жодзіна ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага


Марыя Калесьнікава, 30 ліпеня 2020
Марыя Калесьнікава, 30 ліпеня 2020

Каардынатарку перадвыбарчага штабу прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі Марыю Калесьнікаву перавялі з жодзінскай турмы ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, паведаміла БелаПАН адвакатка Людміла Казак.

Паводле яе, Марыю этапавалі ў Менск 8 студзеня на цягніку. «Пабудзілі каля другой гадзіны ночы, паказалі пастанову на перавод і сказалі зьбіраць рэчы. Як адзначае сама Маша, гэта была рамантычная паездка на начным цягніку», — кажа адвакатка.

Казак наведвала сваю падабаронную ў СІЗА ў Менску 11 студзеня.

«Са здароўем і з настроем у яе ўсё ў парадку. Няма пакуль такога фактару, які мог бы яе актыўнасьць і бадзёрасьць зьменшыць. Адчувае сябе па-ранейшаму поўнай сіл, заняпаду ніякага не назіраецца», — кажа адвакатка.

На пытаньне, з чым зьвязаны перавод Калесьнікавай у Менск, Казак адказаць не змагла.

«Да суду нам дакладна яшчэ вельмі далёка. Невядома, калі канец сьледзтва. Таму справа дакладна ня ў гэтым. Марыі прычыну пераводу таксама не назвалі. Спадзяюся заўтра даведацца ў сьледчага — заплянаваныя сьледчыя дзеяньні», — сказала яна.

Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).

Калесьнікава зь верасьня заставалася ў турме ў Жодзіне. 6 студзеня стала вядома, што тэрмін утрыманьня пад вартай ёй працягнулі да 8 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG