Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны за тэракт у Бостане падаў у суд за умовы ў турме: яму не дазваляюць прымаць душ больш за 3 разы на тыдзень

Джахар Царнаеў падчас суду ў справе аб тэракце, 2015
Джахар Царнаеў падчас суду ў справе аб тэракце, 2015

Грамадзянін ЗША, чачэнец Джахар Царнаеў, асуджаны па справе аб тэракце ў Бостане, запатрабаваў 250 тысяч даляраў за тое, што супрацоўнікі турмы не дазваляюць яму часьцей прымаць душ і канфіскавалі кепку і бандану.

Зьняволены паскардзіўся ў пазоўнай заяве на дыскрымінацыю і «непрафэсійнае абыходжаньне». 26-гадовы Царнаеў лічыць, што ўмовы ўтрыманьня адбіваюцца на яго фізычным і псыхічным стане. Пазоў пакуль не прыняты да разгляду, бо асуджаны не сплаціў пошліну і падаў няпоўны пакет дакумэнтаў, паведамляе Boston Herald.

Былы ахоўнік турмы ў Флорэнсе патлумачыў выданьню, што Царнаеў, відаць, «хоча мець душ больш, чым тры разы на тыдзень».

Царнаеў адбывае тэрмін у папраўчай турме максымальна строгага рэжыму ў Флорэнсе (штат Каларада), якую таксама называюць «горны Алькатрас».

15 красавіка 2013 году ў Бостане тры чалавекі загінулі і больш за 280 былі параненыя ў выніку двух выбухаў, што прагрымелі падчас маратону. Арганізатарамі тэракту прызналі братоў Тамэрлана і Джахара Царнаевых. Тамэрлан загінуў у перастрэлцы з паліцыяй.

Раней паведамлялася, што Фэдэральны апэляцыйны суд у ЗША адмяніў сьмяротны прысуд Джахару Царнаеву. Суд пастанавіў, што ранейшы судзьдзя па гэтай справе ня змог абраць «адэкватных прысяжных засядацеляў», якія былі б дастаткова непрадузятыя.

XS
SM
MD
LG