Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter назаўжды заблякаваў Трампа


Заблякаваны акаўнт Трампа.

Кампанія патлумачыла, што твіты Трампа могуць стаць прычынай гвалту.

Кампанія Twitter апублікавала заяву, якую цытуе «Голас Амэрыкі»:

«Пасьля ўважлівай праверкі апошніх твітаў акаўнта @realDonaldTrump і зьвязанага з імі кантэксту — асабліва таго, як яны былі прынятыя і інтэрпрэтаваныя ў „Твітэр“ — мы назаўжды спынілі дзеяньне гэтага акаўнта з- за рызыкі правакаваньня гвалту.

У кантэксьце жудасных падзей гэтага тыдня, у сераду мы паведамілі, што новыя парушэньні правілаў карыстаньня Twitter патэнцыйна могуць прывесьці менавіта да гэтых дзеяньняў. Нашы правілы забесьпячэньня інтарэсаў грамадзтва дазваляюць наўпрост атрымліваць інфармацыю ад абраных афіцыйных асоб і сусьветных лідэраў. (...) Аднак некалькі гадоў назад мы ясна патлумачылі, што гэтыя акаўнты падпарадкоўваюцца нашым правілам і ня могуць выкарыстоўваць „Твітэр“, каб, сярод іншага, узбуджаць гвалт».

Кампанія таксама апублікавала вынікі аналізу апошніх твітаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і рэакцыі на іх некаторых карыстальнікаў, і прыйшла да высновы, што яны могуць стаць прычынай новых актаў гвалту.

За час прэзыдэнцтва Дональд Трамп апублікаваў больш за 26 тысяч твітаў — у сярэднім, 18 у дзень.

Камэнтуючы рашэньне Twitter, Трамп заявіў:

«Нас ня змогуць прымусіць замаўчаць» і што ён падумае аб стварэньні «нашай новай плятформы ў найбліжэйшай будучыні». Прэзыдэнт ЗША паведаміў пра гэта, выкарыстоўваючы афіцыйны акаўнт прэзыдэнта — Twitter практычна адразу выдаліў гэтыя пасты.

Крыху пазьней быў забанены акаунт выбарчай кампаніі Трампа.

Раней у пятніцу Twitter паведаміў, што назаўсёды закрывае акаўнты, уладальнікі якіх распаўсюджваюць кантэнт праварадыкальных прыхільнікаў «тэорыі змовы» QAnon — сярод іх былы дарадца прэзыдэнта Трампа Майкл Флін і адвакат Трампа Сідні Паўэл. Twitter падкрэсьліў, што прычынай гэтага кроку стала асьцярога, што гэты кантэнт можа стаць прычынай новых выбліскаў гвалту.

У нападзе на Капітолій удзельнічалі шматлікія дэманстранты з сымболікай QAnon.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG