Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штаце Джорджыя скончылася галасаваньне на выбарах у Сэнат


Падлік галасоў у Джорджыі
Падлік галасоў у Джорджыі

У аўторак вечарам у штаце Джорджыя закрыліся выбарчыя ўчасткі ў рамках другога туру выбараў на два месцы ў Сэнаце. Мяркуючы па выніках экзытполаў, думкі выбарнікаў падзяліліся прыкладна пароўну, перадае Голас Амэрыкі.

Галасаваньне вызначыць, якая з партый будзе кантраляваць верхнюю палату Кангрэсу, а таксама прадэманструе патэнцыйныя магчымасьці абранага прэзыдэнта Джо Байдэна рэалізаваць яго амбіцыйную перадвыбарчую стратэгію.

Барацьба за два месцы ў Сэнаце разгарнулася паміж дзейнымі сэнатарамі-рэспубліканцамі Дэвідам Пэрд’ю і Кэлі Лэфлэрам і дэмакратамі — рэжысэрам-дакумэнталістам Джонам Осафам і баптысцкім пастарам Рафаэлем Уорнакам.

На момант падліку 10% бюлетэняў, дэмакраты Ўорнак і Осаф заручыліся падтрымкай 54,9% і 54,3% выбарнікаў адпаведна, за рэспубліканцаў Пэрд’ю і Лэфлэра прагаласавалі 45,7% і 45,1% удзельнікаў выбараў. Большасьць падлічаных галасоў, паводле дадзеных Reuters, былі атрыманыя з выбарчых участкаў зь дзьвюх акругаў у складзе Атланты — традыцыйнага бастыёну дэмакратаў у рэспубліканскай Джорджыі.

Як паведамляе Fox News, на момант апрацоўкі 69% бюлетэняў абодва рэспубліканскія кандыдаты змаглі выйсьці наперад — за Пэрд’ю і Лэфэра прагаласавалі 50,6% і 50,3% выбарнікаў адпаведна, за Ўорнака і Осафа — 49,7% і 49, 4% адпаведна. Разрыў паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі застаецца мінімальным.

Як паведаміў тэлеканалу CNN сакратар штату Джорджыя Брэд Рафэнспэргер, афіцыйныя вынікі гонкі могуць стаць вядомыя да сераду, аднак канчатковы вынік выбараў можа заставацца пад пытаньнем на працягу некалькіх дзён у выпадку, калі розьніца ў галасах будзе мінімальнай. Сябры выбарчых камісій прыступілі да падліку бюлетэняў адразу пасьля закрыцьця участкаў у 19:00.

Хоць за апошнія 20 гадоў ніводзін дэмакрат ня быў абраны ў Сэнат ад Джорджыі, апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што на гэты раз шанцы рэспубліканцаў і дэмакратаў на перамогу прыкладна аднолькавыя. Другі тур выбараў спатрэбіўся пасьля таго, як у лістападзе ніводзін з кандыдатаў ня змог заручыцца падтрымкай больш 50% выбарнікаў.

Згодна з вынікамі экзытполу, праведзенага агенцтвам Edison Research, думкі выбарнікаў, якія прынялі ўдзел у другім туры выбараў у Джорджыі, падзяліліся пароўну. Прыкладна палова ўдзельнікаў экзытполу падтрымала рэспубліканцаў, а другая палова заявіла пра падтрымку дэмакратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG