Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Джорджыі праходзяць выбары, якія вызначаць большасьць у Сэнаце ЗША


У панядзелак увечары за некалькі гадзінаў да пачатку галасаваньняў у Джорджыі, якія могуць вызначыць лёс Сэнату, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і абраны прэзыдэнт Джо Байдэн зьвярнуліся да выбарнікаў гэтага штату з заклікам падтрымаць кандыдатаў ад іх партый.

«Ніколі раней за ўсю маю палітычную кар’еру не складалася сытуацыя, калі адзін штат можа пракласьці курс краіны ня толькі на наступныя чатыры гады, але і на пакаленьне», — абвясьціў Джо Байдэн, выступаючы на мітынгу ў Джорджыі.

«Дэмакраты спрабуюць скрасьці Белы дом. Вы ня можаце дазволіць ім гэта зрабіць. Вы ня можаце дазволіць ім скрасьці Сэнат», — заявіў Дональд Трамп на сустрэчы з выбарнікамі-рэспубліканцамі.

5 студзеня ў Джорджыі праходзіць другі тур выбараў сэнатараў. У першым туры, які прайшоў 3 лістапада адначасна з прэзыдэнцкімі выбарамі, ніводзін з кандыдатаў у Сэнат не атрымаў больш за 50 працэнтаў галасоў выбарнікаў, неабходных для перамогі. На два месцы ў Сэнаце прэтэндуюць рэспубліканцы Келі Лэфлэр і Дэвід Пэрдʼю і дэмакраты Джон Осаф і Рафаэль Ўорнак. Ад вынікаў выбараў будзе залежыць, якая партыя атрымае большасьць у Сэнаце.

Рэспубліканцам дастаткова адной перамогі, каб дамагчыся большасьці. Дэмакратам патрабуецца дзьве перамогі, каб дамагчыся нічыёй. У выпадку калі абедзьве партыі атрымаюць па 50 месцаў, у Дэмакратычнай партыі будзе перавага, паколькі віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс у якасьці старшыні верхняй палаты Кангрэсу будзе валодаць вырашальным голасам пры галасаваньнях у Сэнаце.

Стаўкі ў гэтых выбарах вельмі высокія. Калі Рэспубліканская партыя захавае большасьць у Сэнаце, яна зможа заблякаваць законапраекты, прадстаўленыя Джо Байдэнам і ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў, дзе ў Дэмакратычнай партыі ёсьць невялікая перавага. Калі перамогуць абодва кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі, у прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна і ягонай партыі будзе карт-блянш на правядзеньне плянаваных імі рэформаў.

Лічыцца, што ў кандыдатаў Рэспубліканскай партыі ёсьць невялікая перавага ў традыцыйна кансэрватыўным штаце, хоць апытаньні паказваюць роўныя шанцы на перамогу ўсіх чатырох кандыдатаў. На прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе ў Джорджыі ўпершыню амаль за трыццаць гадоў зь мінімальнай перавагай перамог дэмакрат Джо Байдэн. Гэтую перамогу працягвае аспрэчваць прэзыдэнт Дональд Трамп, нягледзячы на тое, што яна была афіцыйна сэртыфікаваная дзяржсакратаром штату, рэспубліканцам. Дональд Трамп не прыводзіць пераканаўчых доказаў у падтрымку сваіх сьцьвярджэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG