Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы баец «Алмазу» пра меркаваны запіс з КДБ: Калі б я не зьвярнуўся да амэрыканскіх спэцслужбаў, названыя людзі былі б забітыя


Ігар Макар, архіўнае фота

4 студзеня брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава.

Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар КДБ у справе публікацыі EUobserver, аднак нумар тэлефону прэс-службы не адказваў. Свабода накіравала адпаведны запыт праз электронную пошту Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Аўдыё і апэратыўныя дакумэнты перадаў журналістам для расьсьледаваньня старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз».

У інтэрвію Deutsche Welle Макар патлумачыў, што яшчэ ў 2012 годзе перадаў гэтае аўдыё амэрыканскім спэцслужбам, каб выратаваць свайго сябра Алега Алкаева. «Калі б я гэтага не зрабіў, я ўпэўнены на 99%, што названыя людзі былі б забітыя», — кажа Макар.

Паводле Макара, названыя ў стужцы людзі атрымалі ахову. «Таксама ў МЗС Беларусі было агучана аб падрыхтоўцы злачынства і, наколькі я ведаю, праз гэта Аляксандар Лукашэнка зьняў тагачаснага старшыню КДБ Вадзіма Зайцава».

Ігар Макар таксама адказаў на пытаньне пра забойства ва Ўкраіне журналіста Паўла Шарамета.

«Я гаварыў пра гэта з інфарматарамі, якія мелі зносіны зь іншымі людзьмі з КДБ і іншых структур, і мне было канкрэтна сказана, што праца па Паўлу Шарамету беларускімі спэцслужбамі не спынялася. На маю думку, гэта зрабілі менавіта беларускія спэцслужбы. Нават па гэтым запісе відаць, наколькі эмацыйным становіцца Зайцаў, калі гаворка ідзе пра Шарамета. Я ўпэўнены, што Лукашэнка паставіў устаноўку КДБ ліквідаваць Шарамета».

Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ад выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева.

Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні EUObserver

  • Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
  • Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).
  • Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.
  • Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
  • З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG