Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брытаніі пачалася вакцынацыя прэпаратам AstraZeneсa


Браен Пінкер стаў першым брытанцам, які атрымаў вакцыну AstraZeneсa. Оксфард, 4 студзеня 2021 году

У Вялікай Брытаніі 4 студзеня пачалася масавая вакцынацыя ад каранавірусу прэпаратам, распрацаваным кампаніяй AstraZeneсa і навукоўцамі Оксфардзкага ўнівэрсытэту. Першым брытанцам, які атрымаў прышчэпку, стаў Браен Пінкер. Яму 82 гады, ён на дыялізе.

Да 4 студзеня ў Злучаным Каралеўстве гатовыя да ўжываньня больш за паўмільёна дозаў AstraZeneca. Акрамя таго, ідзе вакцынацыя прэпаратам вытворчасьці Pfizer / BioNTech. Пакуль прышчапляюць так званыя групы рызыкі — мэдыкаў, сацработнікаў і старэйшых векам людзей. Але з запускам прэпарату AstraZeneca ўлады разьлічваюць паскорыць працэс і ў пэрспэктыве прышчапіць амаль усё насельніцтва.

Брытанскія ўлады і лекары лічаць распрацоўку вакцыны паваротным момантам у барацьбе з COVID-19. Як чакаецца, масавая вакцынацыя дапаможа ўтаймаваць інфэкцыю і ў выніку зьняць абмежаваньні і вярнуцца да ранейшага жыцьця. Паводле дадзеных брытанскага Міністэрства аховы здароўя, у краіне адкрытыя 700 прышчэпачных цэнтраў. Да канца тыдня іх мае быць больш за тысячу.

Для таго каб прышчапіць як мага больш грамадзян, Вялікая Брытанія памяняла прынцып вакцынацыі, павялічыўшы інтэрвал паміж першай і другой прышчэпкай з трох тыдняў да трох месяцаў. Як запэўніваюць улады, першую дозу павінны атрымаць як мага больш брытанцаў, бо менавіта яна дае асноўную абарону ад вірусу. Другі кампанэнт вакцыны ўплывае на працягласьць дзеяньня.

  • Вялікая Брытанія ўхваліла прымяненьне прэпарату AstraZeneca ў канцы сьнежня. На пачатку клінічных выпрабаваньняў вакцына паказала 70-працэнтную эфэктыўнасьць, што прыкметна ніжэй, чым у яе канкурэнтаў. Аднак затым прадстаўнікі AstraZeneca заявілі, што ўдасканалілі «формулу» вакцыны, і цяпер яе эфэктыўнасьць павінна быць супастаўная з вакцынамі канкурэнтаў. Вакцыну можна захоўваць у звычайнай лядоўні, тым часам як прэпарат распрацоўкі Pfizer / BioNTech патрабуе тэмпэратуры не вышэйшай за −70 градусаў Цэльсія.
  • Да канца 2021 году AstraZeneca мяркуе вырабіць да трох мільярдаў дозаў.
  • У Вялікай Брытаніі ў апошнія тыдні адзначаны рэзкі рост колькасьці заражэньняў каранавірусам — у тым ліку з прычыны распаўсюджаньня новага штаму вірусу, які, паводле дадзеных мэдыкаў, больш заразны. З прычыны зьяўленьня новага штаму жорсткі карантын уведзены ў Лёндане і яго ваколіцах. Шэраг краін часова перапынілі зь Вялікай Брытаніяй авіязносіны.
  • Ад пачатку пандэміі ў Вялікай Брытаніі выяўлена больш за два з паловай мільёны выпадкаў COVID-19. Памерлі больш за 75 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG