Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Белнафтахім» абяцаў, што рост цэн на бэнзін складзе ня больш 1 капейкі за 1 літар у тыдзень

Старшыня дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў расказаў пра зьмену портаў перавалкі прадукцыі і мэханізм цэнаўтварэньня на паліва.

У інтэрвію ведамаснаму выданьню «Вестник Белнефтехима» Андрэй Рыбакоў адказаў на пытаньне, ці застаецца актуальным ў 2021 годзе пытаньне аб дывэрсыфікацыі паставак нафты.

«Давайце сыходзіць з таго, што дывэрсыфікацыя — не самамэта, а рэаліі сучаснага рынку нафты. Залог стабільнай працы ўсяго нафтахімічнага комплексу — магчымасьць манэўру. Набыты вопыт, несумненна, будзе карысны ў пэрспэктыве. Нашыя заводы ўжо „паспрабавалі“ новыя гатункі і міксы нафты, адпрацавалі новую лягістыку, супрацоўнічаючы з сусьветнымі трэйдарамі. На наступным этапе „абкатаем“ іншыя варыянты, бо адкрываюцца новыя магчымасьці расейскіх партоў».

Раней экспэрты казалі, што рашэньне пераарыентаваць прадукцыю нафтаперапрацоўкі зь Літвы на Расею мае выразную палітычную афарбоўку — гэта нямэтазгодна найперш эканамічна.

Палітычны складнік пацьвердзіў і Аляксандар Лукашэнка. Камэнтуючы санкцыі краін Балтыі ў дачыненьні да яго і шэрагу беларускіх службовых асобаў, заявіў, што Менск адкажа ўласнымі эканамічнымі рашэньнямі, агучыўшы ў тым ліку магчымасьць транзыту беларускіх грузаў праз Расею.

Акрамя «абкаткі» новых портаў, Андрэй Рыбакоў удакладніў, як сёлета будзе зьмяняцца цана на паліва для насельніцтва.

«Мы не плянуем мяняць падыход да цэнаўтварэньня, які прайшоў праверку часам і ў асноўным станоўча ўспрыняты насельніцтвам ды бізнэсам. У залежнасьці ад зьменаў кошту нафты з улікам комплекснай ацэнкі дзейнасьці нафтаперапрацоўчых заводаў рух цэнаў будзе адбывацца як у бок павелічэньня, так і зьніжэння — і ня больш за 1 капейкі за 1 літар у тыдзень», — патлумачыў кіраўнік «Белнафтахіму».

XS
SM
MD
LG