Сыну Ніны Багінскай прысудзілі 12 сутак арышту

Сын Ніны Багінскай Павал.
Сын Ніны Багінскай Павал.

У судзе Савецкага раёну Менску разглядалі справу 43-гадовага сына Ніны Багінскай. Паводле аднаго пратаколу Павал Багінскі атрымаў 12 сутак арышту, другі адпраўлены на дапрацоўку.

Пра вырак паведаміла ініцыятыва «Сьпісы затрыманых».

Мужчыну судзілі па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу — 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню супрацоўніка праваахоўных органаў пры выкананьні ім службовых абавязкаў).

Паўла затрымалі 1 студзеня. Па словах Ніны Багінскай, у гэты дзень яна выйшла на скрыжаваньне вуліц Коласа і Чарнышэўскага ў Менску, а сын яе суправаджаў, каб маці не была адна. Пасьля акцыі яны пайшлі дадому па вуліцы Ўсходняй, і Паўла затрымалі. Іншых людзей навокал не было.

Перадачу Багінскай для сына (паперу, зубную шчотку, мандарыны) не прынялі. З гэтай нагоды яна напісала заяву ў міліцыю.

Суд пачаўся 4 студзеня, але судзьдзя Фёдарава накіравала справу на дапрацоўку. На наступны дзень Павал Багінскі быў асуджаны на 12 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Другі пратакол (непадпарадкаваньне супрацоўніку праваахоўных органаў) накіравалі на дапрацоўку.

​
XS
SM
MD
LG