Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная тэатральная суполка «Купалаўцы» 30 сьнежня пакажа прэм’еру спэктаклю «Войцэк. Сцэны»


Купалаўскі тэатар, адкуль у 2020 годзе ў знак нязгоды з падзеямі ў Беларусі сышлі акторы суполкі «Купалаўцы».
Купалаўскі тэатар, адкуль у 2020 годзе ў знак нязгоды з падзеямі ў Беларусі сышлі акторы суполкі «Купалаўцы».

Суполка актораў, якія пакінулі Купалаўскі тэатар на знак пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, прэзэнтуе прэм’еру спэктаклю рэжысэра Рамана Падалякі. Паглядзець яе можна на youtube-канале «Купалаўцаў».

Гэта ня першая праца актораў па знакамітай п’есе Георга Бюхнэра. У 2017 годзе спэктакль па ёй ставіў Юры Дзівакоў, але ўжо празь некалькі месяцаў яе зьнялі з рэпэртуару, піша Tut.by. Цяпер сваё прачытаньне п’есы прапануе рэжысэр і актор Раман Падаляка, стваральнік спэктакляў «Радзіва Прудок» і «Першы».

Раман Падаляка так пракамэнтаваў сваё разуменьне п’есы:

«Для мяне гэта гісторыя простага маленькага чалавека, які ня быў народжаны забойцам, рос слаўным дзіцем. Але сыстэма паступова падбіраецца і да яго ды жорстка нішчыць самае добрае ў ягонай душы. Войцэк забівае самага блізкага чалавека. Забівае ўсё чалавечнае ў сабе».

У новым праекце купалаўцы пакажуць толькі выбраныя сцэны п’есы.

Галоўную ролю ў спэктаклі мае Аляксандар Казела, ролю Мары ў розных складах будуць іграць Кацярына Яворская, Крысьціна Дробыш, Марта Голубева і Тацяна Дзянісава. Капітана ўвасобіць на сцэне Аляксандар Зелянко, Андрэаса — Александар Паўлаў і Павал Астравух, Доктара — Андрэй Дробыш і Павал Паўлюць.

Аўтар сцэнаграфіі — мастачка Кацярына Шымановіч, кампазытар — Эрык Арлоў-Шымкус.

Доступ да спэктаклю адкрыюць на Youtube-канале «Купалаўцаў» зь 19 да 24 гадзін 30 сьнежня. Працягласьць «Войцэка» — 50 хвілін. Паказ бясплатны, але гледачы могуць падтрымаць купалаўцаў ахвяраваньнямі. Наступны паказ адбудзецца 20 студзеня 2021 году.

Незалежная група актораў «Купалаўцы» ўтварылася пасьля падзей улетку 2020 году, калі шэраг актораў пакінуў Купалаўскі тэатар у знак пратэсту супраць звальненьня дырэктара Паўла Латушкі і агульнай сытуацыі ў краіне. Сёлета Купалаўскаму тэатру споўнілася 100 гадоў.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG