Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Шакуцін расказаў, як пацярпеў ад санкцый Эўразьвязу


Аляксандар Шакуцін на судзе ў «справе мэдыкаў». Менск, 19 жніўня 2019 году
Аляксандар Шакуцін на судзе ў «справе мэдыкаў». Менск, 19 жніўня 2019 году

«На вялікі жаль, занадта жорстка робіць Захад», — лічыць Аляксандар Шакуцін.

Нерухомасць і аўтамабіль блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца, старшыні рады дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандра Шакуціна знаходзяцца пад арыштам. Але не праз санкцыі Эўразьвязу, а ў іншай справе.

Пра гэта ён расказаў газэце «Народная воля», адказваючы на пытаньне, як ён адрэагаваў на пэрсанальныя санкцыі, якія супраць яго ўвёў Эўразьвяз.

«Я наагул ня ведаў, што згадваюся ў гэтых сьпісах. Для мяне гэта ўсё, як белы сьнег на галаву, звалілася! Бо ніводнай падставы для ўключэньня мяне ў падобны сьпіс няма. Мы гаворым аб прэзумпцыі невінаватасьці, а дзе доказы, рашэньне суду? Гэта сьведчыць аб тым, што наогул няма прававога поля ў Эўропе».

Пра тое, што яго называюць «кашальком рэжыму» Лукашэнкі, Шакуцін адказаў:

«Вы можаце ўявіць, што я «кашалёк рэжыму»?.. Паслухайце, я ня ведаю, хто набліжаны, а хто аддалены. Я бізнэсовец, займаюся эканомікай, а не палітыкай. У эканоміцы я абазнаны і магу на любое эканамічнае пытаньне адказаць каму заўгодна. Гэта тая сфэра, якую я ведаю на 200%.

Я магу дзе заўгодна даць паказаньні, тлумачэньні, нават на паліграфе прайсьці тэставаньне — ніколі за ўсю маю гісторыю ні капейкі нікому ва ўрадзе ня даў! Ня толькі ва ўрадзе, але і прэзыдэнту. І самае дзіўнае, што ніхто ніколі ў мяне і не прасіў нічога. Таму, як ставіцца да гэтага фэйку, я ня ведаю».

На пытаньне, як санкцымі адаб’юцца на на ім і ягоных кампаніях, Шакуцін адказаў:

«Я ведаю, колькі выдаткаваў Пефціеў. Ведаю, колькі выдаткаваў Чыж. І колькі часу на гэта пайшло. Мы, паўтаруся, ужо напісалі пратэст на гэтае рашэньне. Таму што ўсе зьвесткі, якія там выкладзеныя пра мяне, — яны лжывыя. Ніводзін факт, які мне інкрымінуецца, не пацьвярджаецца ніякім юрыдычным дакумэнтам. Ніводнага доказу!..

Я працую ў прававым полі, як і ўсе іншыя бізнэсоўцы. У мяне зьявілася праблема з холдынгам «Салеа», ня мной ініцыяваная: я даў гарантыю, што яны выканаюць абавязаньні, а яны ня выканалі! І ўсе іх абавязаньні перайшлі на мяне як на фізычную асобу.

Санкцыі — гэта яшчэ дробнае. Банкі падалі ў суд, і я сёньня ня маю права выехаць за мяжу. Ня толькі ў Эўропу, але нават у Расею ці Ўкраіну! Я ня маю права сесьці за руль — так суд вырашыў, у мяне арыштаваная маёмасьць. І шмат іншых момантаў ёсьць. Вы скажыце: калі б я кімсьці быў у гэтай краіне, гэта наогул магчыма было б усё ці немагчыма?»

Шакуцін заявіў, што ён і ягоная кампанія падалі свае прэтэнзіі ў прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, у Эўрапейскую раду.

«Мы лічым, што гэта прыкрая памылка эўрапейцаў; з чым яна зьвязаная, мне складана сказаць.

На вялікі жаль, занадта жорстка робіць Захад. Значна больш жорстка, чым трэба. Яны хочуць, каб нашы прадпрыемствы сталі, каб выклікаць бунт, стварыць пратэставыя настроі ў людзей. Цяпер арыштаваныя рахункі нашых кампаній, усе замарожаныя перадаплаты і гэтак далей. Гэта санкцыі ж ня толькі ў дачыненьні да мяне, яны распаўсюджваюцца на ўсё, чым я валодаю. І на «Амкадор», акцыянэрам якога я зьяўляюся, таксама. Зрабілі вельмі хітра... Мы напісалі абвяржэньне і патрабуем, каб нам вярнулі статус-кво».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG