Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская сьпявачка перамагла ў гішпанскім тэлевізійным конкурсе «Голас 60+». ВІДЭА

Наіда Абановіч. Скрыншот зь відэа выступу на конкурсе.
Наіда Абановіч. Скрыншот зь відэа выступу на конкурсе.

Беларуска Наіда Абановіч стала пераможцай другога сэзону шоў La Voz Senior. Гэта гішпанскі аналяг тэлевізійнага конкурсу «Голас 60+».

Наіда Абановіч выканала арыю Ebben? Ne andro lontana з оперы «Вальлі» італьянскага кампазытара Альфрэда Каталяні, а таксама разам са сваім настаўнікам па праекце Давідам Бустамантэ засьпявала застольную песьню Альфрэда з опэры «Травіята» Джузэпэ Вэрдзі, піша antena3.com. За перамогу ў фінале змагаліся васьмёра фіналістаў.

Па выніках галасаваньня гледачоў пераможцай прызналі беларуску, якая цяпер жыве на Балеарскіх астравах у Гішпаніі. Яна нарадзілася ў Беларусі, вучылася ў Маладэчанскай музычнай вучэльні, затым перавялася ў вучэльню ў расейскай Астрахані, выйшла замуж і зьехала ў Баку. Там скончыла кансэрваторыю, працавала ў камэрным хоры мясцовай філярмоніі.

З прычыны канфлікту ў Нагорным Карабаху ў 1989-м Абановіч прыехала зь сям’ёй у Беларусь, працавала ў філярмоніі, хоры радыё і тэлевізіі. Пасьля сьмерці мужа ў 2004 годзе паехала ў Гішпанію і працавала вулічнай сьпявачкай, 15 гадоў выконвала опэрную клясыку на вуліцах Пальма-дэ-Маёркі.

XS
SM
MD
LG