Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршы пратэсту прайшлі ў розных частках Менску, хоць агульнай акцыі не абвяшчалі


Пратэставы марш у адным зь менскіх двароў 27 сьнежня
Пратэставы марш у адным зь менскіх двароў 27 сьнежня

У 141-ы дзень пратэстаў лякальныя акцыі супраць улады Аляксандра Лукашэнкі прайшлі ў розных частках Менску, у некаторых — некалькі разоў цягам дня.

Упершыню нядзельную акцыю не анансавалі ў тэлеграм-каналах.

Удзельнікі сёньняшніх акцый пачалі іх правядзеньне раніцай, яшчэ зацемна. Фота і відэа зь іх апублікавалі тэлеграм-каналы і сацсеткі.

Так, у раёне сталічных падшыпнікавага і трактарнага заводаў прайшла калёна зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, скандуючы «Жыве Беларусь!». На вуліцы Маякоўскага група мясцовых жыхароў таксама зь бел-чырвона-белымі сьцягамі правяла «сумесную зарадку». Затым яшчэ адна група мясцовых жыхароў прайшла маршам па раёне. Ранішні лякальны марш правялі жыхары сталічнага мікрараёну Малінаўка. Жыхары Першамайскага раёну выстраіліся ўздоўж праспэкту Незалежнасьці ў ланцуг салідарнасьці зь бел-чырвона-белай сымболікай.

Прыхільнікі перамен правялі сёньня акцыі ў менскіх мікрараёнах Захад, Сухарава, Кунцаўшчына, Чырвоны Бор, Чыжоўка, Мядзьведжына, Цівалі, Грушаўка, Малінаўка, Уручча, Зялёны Луг, Сокал, Лебядзіны, Дразды, Дамброўка, Курасоўшчына, Масюкоўшчына, Ждановічы, Лошыца.

Жыхары сталічнай Асмалоўкі правялі акцыю ў падтрымку затрыманых супрацоўнікаў беларускага «Прэс-клюбу».

Таксама лякальныя акцыі прайшлі ў раёне станцый мэтро «Пушкінская» (тут сустрэліся дзьве калёны пратэстоўцаў) і «Спартыўная», Менскага велазаводу, на вуліцах Максіма Багдановіча, Янкі Маўра, Розы Люксэмбург, Матусевіча, Сурганава, Арлоўскай, Лагойскім тракце.

Акцыі прайшлі і ў іншых паселішчах Беларусі: у Баранавічах, Гомлі, Горадні, Жодзіне, Заслаўі, Кобрыні, Лідзе, Магілёве; у пасёлках Сёмкава, Сонечны, Тарасава і аграгарадку Крупіца Менскага раёну.

Сілавікоў на вуліцах сталіцы сёньня было няшмат.

Валянтэры, якія складаюць сьпісы затрыманых па адміністрацыйных справах, па стане на 20.00 паведамілі ў тэлеграм-канале @spiski_okrestina прозьвішчы 23 затрыманых падчас сёньняшніх маршаў пратэсту. Гэта ў 10–15 разоў меней, чым у папярэднія нядзелі.

20-ю нядзелю з моманту прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня прыхільнікі перамен працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне мірных дэманстрантаў і катаваньні над імі. Амаль два месяцы нядзельныя акцыі праходзяць у новым фармаце — удзельнікі зьбіраюцца на лякальныя маршы ў дварах і раёнах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG