Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьмяніліся правілы збору адходаў у прыватным сэктары, ад цяпер сьмецьце прымаюць толькі разьдзельна


Сьмецьцеперапрацоўчы завод у Беларусі, ілюстратыўнае фота.

З 26 сьнежня прадпрыемствы па вывазе адходаў могуць не забіраць выстаўленыя за плот пакеты са сьмецьцем у прыватным сэктары. Парушальнікаў разьдзельнага збору сьмецьця будуць штрафаваць.

З 1 студзеня 2021 году новыя правілы запрацуюць цалкам, распавялі агенцтву «Менск-Навіны» ва ўправе гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі.

Па стане на 21 сьнежня ўсе прыватныя дамы, а ў Менску іх 14 121, забясьпечылі кантэйнэрамі для цьвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Іх у распараджэньні домаўладальнікаў 15 446: у некаторых дамах па два, бо ёсьць вялікія сем’і, а ў некаторых дамах паасобныя рахункі і некалькі ўласьнікаў. 12 755 ёмістасьцяў для другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), імі абсталяваныя 91,6% дамоў.

Намесьніца генэральнага дырэктару па добраўпарадкаваньні, санітарным утрыманьні жыльлёвага фонду і працы з насельніцтвам Менскай жыльлёвай гаспадаркі Анастасія Вараб’ёва заявіла, што з 26 сьнежня кіроўцы сьмецьцявозаў могуць не забіраць адходы, выстаўленыя ў пакетах ці не падзеленыя па відах у кантэйнэрах.

Адрасы такіх дамоў будуць перадаваць створаным у кожным раёне Менску працоўным групам. Яны складаюцца з прадстаўнікоў прадпрыемстваў-перавозьнікаў, раённых ЖКГ, цэнтраў гігіены і эпідэміялёгіі і аддзелаў па надзвычайных сытуацыях.

Камісіі наведваюць домаўладальнікаў, якія не атрымалі кантэйнэры або не выконваюць патрабаваньні закону «Аб абыходжаньні з адходамі», выдаюць iм апавяшчэньні, тлумачаць нюансы. Да парушальнікаў з 1 студзеня прыменяць штрафныя санкцыі.

Работнікі прадпрыемстваў-перавозьнікаў будуць адсочваць і зьмесьціва кантэйнэраў.

«Кіроўца сьмецьцявоза можа надарваць пакет і паглядзець, што ў ім. Калі ў кантэйнэры для ЦКА апынуцца другасныя рэсурсы, тады работнік мае права выкласьці іх і пакінуць на месцы. Тым больш што ДМР забіраюць асобныя сьмецьцявозы па сваім графіку, у сярэднім адзін раз на два тыдні», — патлумачыла Анастасія Вараб’ёва.

Акрамя таго, домаўладаньні парушальнікаў зафіксуюць на фотаздымках.

Згодна з ч. 2 арт. 15.63. Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях няправільнае абыходжаньне з адходамі цягне папярэджаньне або накладаньне штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь для фізычных асоб.

Домаўладальнікі, як і раней, могуць зьвярнуцца на прадпрыемства, якое займаецца адходамі ў іх раёне, і атрымаць кантэйнэры бясплатна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG