Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць 18-гадовых палітвязьняў перадалі ў пракуратуру


Соф'я Малашэвіч і Ціхан Клюкач. Фота апублікаваў Сьледчы камітэт

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне справы супраць 18-гадовых дзяўчыны і хлопца. За ўдзел у маршы 6 верасьня і надпісы з балёнчыка на выстаўленай сілавікамі загародзе іх абвінавацілі паводле крымінальных артыкулаў.

  • ч. 1 арт. 342 — актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак;
  • ч. 2 арт. 339 — злоснае хуліганства.

Дзяўчыну да таго ж абвінавацілі ў абразе прэзыдэнта за плякат «з надпісам, які зьмяшчае нэгатыўную ацэнку, выказаную ў непрыстойнай форме» (ч.1 арт. 368).

СК адзначыў, што шкоду абвінавачаныя ўжо сплацілі.

Хоць імёны ў паведамленьні сьледчых не названыя, з апублікаваных фота вынікае, што гаворка пра Соф’ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача. Іх узялі пад варту 18 лістапада. 17 сьнежня беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Раней у інтэрвію «Нашай ніве» Соф’я Малашэвіч расказала, чаму выходзіць на пратэсты, нягледзячы на пагрозу зьняволеньня.

«У нашай краіне ўсе актывісты сядуць раней ці пазьней. Таму я адчуваю сябе нармальна. Страшна было б, калі б пагражала турма за крадзеж ці забойства. А пайсьці ў турму за справядлівасьць і радзіму мне нястрашна», — сказала Соф’я. «Адзінае, за што баюся, што калі мяне сапраўды пасадзяць, то бабулю я больш ня ўбачу — ёй ужо 88 гадоў».

Праваабаронцы падкрэсьлілі, што абмежаваньне свабоды сярод іншага павінна адпавядаць прынцыпам сувымернасьці кары. А «напісаньне фарбай на жалезных шчытах відавочна не магло прывесьці да іх пашкоджаньня, нанесеная шкода ад такіх дзеяньняў мела сымбалічны характар».

«Мы лічым перасьлед і пазбаўленьне волі Ціхана Клюкача і Соф’і Малашэвіч палітычна матываваным, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня думак, а саміх Ціхана Клюкача і Соф’ю Малашэвіч палітычнымі зьняволенымі», — напісана ў заяве праваабарончай супольнасьці.

У Беларусі на сёньня 160 палітвязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG