Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На галадоўку Ігара і Дар’і Лосікаў адрэагавала Анна Шабатава, вядомая чэская хартыстка і папярэдні амбудсмэн Чэхіі


Анна Шабатава. Фота ČТК
Анна Шабатава. Фота ČТК

Анна Шабатава напісала ліст палітвязьню, а таксама падзялілася сваімі думкамі пра галадаваньне.

Чэская праваабаронца, экс-амбудсмэн Анна Шабатава, якая ўзяла пад апеку беларускага палітвязьня Ігара Лосіка, з трывогай даведалася, што ён і ягоная жонка абвясьцілі галадаваньне.

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка яшчэ ў чэрвені завялі крымінальную справу за «падрыхтоўку да парушэньня грамадзкага парадку». 25 сьнежня меў завершыцца гранічны тэрмін ягонага ўтрыманьня пад вартай паводле гэтага абвінавачаньня. Аднак 15 сьнежня супраць Ігара пачалі новую крымінальную справу за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках». Анна Шабатава напісала ліст палітвязьню, а таксама падзялілася сваімі думкамі пра галадаваньне.

«Вызваленьне Ігара ў перадкалядны час было б праявай чалавечнасьці»

Учора я даведалася, што мой «падшэфны вязень» Ігар Лосік распачаў у зьняволеньні галадоўку, бо пасьля паўгоду папярэдняга зьняволеньня яму выставілі новае, цяжэйшае абвінавачаньне. Да галадаваньня далучылася яго жонка Дар’я Лосік. Найбольшую трывогу маю за Ігара, бо ўмовы ў зьняволеньні ніколі не бываюць лёгкімі, тым больш у беларускіх вязьніцах. Ведаю таксама, што Ігар і так чалавек стройнага целаскладу, таму галадоўка можа вельмі пашкодзіць яго здароўю.

Зьвяртаюся да прадстаўнікоў беларускай улады з заклікам неадкладна вызваліць Ігара Лосіка. У сытуацыі, калі нельга спадзявацца на незалежнасьць беларускай судовай сыстэмы, павінна быць прынята хуткае палітычнае рашэньне. Такія людзі, як Ігар Лосік, увогуле б ня мусілі трапіць у турму, бо не ўчынілі нічога незаконнага, толькі рэалізоўвалі сваё права на свабоду выказваньня, займаліся сваёй прафэсійнай дзейнасьцю. У перадкалядны час вызваленьне Ігара ня толькі прадэманстравала б прыхільнасьць прынцыпу справядлівасьці, але таксама было б жэстам добрай волі і праявай чалавечнасьці.

Што можа рабіць грамадзкасьць

Перадусім пісаць Ігару і Дашы. Яшчэ раней я зрабіла тое самае. Можа стаць, што вашыя лісты да вязьня і ня дойдуць, але гэта будзе мець уплыў на кіраўніцтва турмы, на наглядчыкаў, якія будуць ведаць, што гэта ня нейкі звычайны вязень, будуць да яго больш асьцярожныя і ўважлівыя.

Як сама ставіцца да палітычнай галадоўкі

Сама я з палітычных прычынаў ніколі не галадала. Тое самае мой муж Пэтр Угл, які пры камуністычным рэжыме ў Чэхаславаччыне агулам адседзеў дзевяць гадоў. Мы разумелі, што для нашай барацьбы трэба шмат энэргіі, а галадоўка б нас аслабіла цялесна, адабрала гэтыя сілы. Але сярод нашых знаёмых хартыстаў былі людзі, якія зьвярталіся да мэтаду палітычнага галадаваньня. У кожным разе мы ўсьведамляем, якая гэта складаная маральная дылема, які адчайны крок, і мусім паважаць выбар тых, хто на такі чын знойдзе сілы і адвагу.

Словы да Ігара і Дашы

Ведайце, што я, як і многія людзі ў Беларусі і па-за яе межамі, думаю пра вас. Жадаю вам шмат сілы ў вашым змаганьні за справядлівасьць. Хачу як найхутчэй дачакацца навіны, што вы зноў разам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG