Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць амэрыканскіх штатаў абвінавацілі Google у парушэньні антыманапольнага заканадаўства і змове з Facebook


Генэральныя пракуроры дзесяці штатаў ЗША падалі калектыўны пазоў супраць Google, абвінаваціўшы карпарацыю ў парушэньні антыманапольнага заканадаўства на рынку інтэрнэт-рэклямы.

Пра гэта паведамляецца на сайце генэральнага пракурора штату Тэхас Кена Пакстана.

Google абвінавацілі таксама ў змове з Facebook. Кампаніі нібыта дамовіліся пазьбягаць канкурэнцыі на рынку інтэрнэт-рэклямы і каардынавалі свае дзеяньні ў час аўкцыёнаў, на якіх разьмяркоўваліся заказы на такую рэкляму.

У пазове таксама гаворыцца, што ў 2015 годзе (праз год пасьля таго, як Facebook купіў WhatsApp) Facebook падпісаў эксклюзіўнае пагадненьне з Google і даў карпарацыі доступ да мільёнаў паведамленьняў, фатаздымкаў, відэа- і аўдыёфайлаў амэрыканцаў.

Google заявіла The New York Times, што лічыць абвінавачаньні беспадстаўнымі. У размове з CNBC прадстаўнікі карпарацыі дадалі, што абвінавачаньне ў доступе да кантэнту WhatsApp, напэўна, заснавана на няправільным разуменьні функцыі рэзэрвовага капіяваньня, якую Google прапаноўвае для мэсэнджараў, каб спрасьціць перанос паведамленьняў з адной прылады на іншую.

  • Паводле зьвестак дасьледчай кампаніі eMarketer, у 2019 годзе Google і Facebook займалі 54% рынку лічбавай рэклямы ў ЗША. Пры гэтым доля Google складала каля 31%, доля Facebook — 23%.
  • У кастрычніку Міністэрства юстыцыі ЗША і пракуроры 11 штатаў падалі супраць Google пазоў аб парушэньні канкурэнцыі ў сфэры пошукавых сэрвісаў. У пазове гаварылася, што карпарацыя плаціла вытворцам смартфонаў за ўстаноўку Google у якасьці пошукавіка ў стандартным пакеце.
  • У сьнежні Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША падала антыманапольны пазоў супраць Facebook і запатрабавала ад карпарацыі прадаць Instagram і WhatsApp. Да пазову далучыліся пракуроры 46 штатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG