Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце агучылі зварот Марыі Калесьнікавай з-за кратаў


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Зварот Марыі Калесьнікавай агучылі ў Эўрапарлямэнце. Палітзьняволеная падзякавала беларусам і распавяла, з кім падзеліць прэмію Гэрхарта Баўма.

Падчас пленарнага пасяджэньня камісіі ў міжнародных справах, па разьвіцьці падкамітэту па правах чалавека Эўрапейскага парлямэнту сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч зачытала зварот палітзьняволенай. Затым яна апублікавала тэкст прамовы ў фэйсбуку.

Па словах Калесьнікавай, напачатку ў яе былі сумневы і страх. Яна баялася, што яе арыштуюць. Але праз два месяцы, 8 верасьня, яна парвала свой пашпарт, каб яе ня выправадзілі ва Ўкраіну супраць яе волі. Калесьнікава піша, што была ўпэўненая, што пасьля дакладна трапіць за краты, аднак ужо не баялася.

«Мы часта чуем ад людзей, якія перажылі турэмнае зьняволеньне, што сапраўдная свабода — унутры. Мы часта чуем ад беларусаў на волі, што яны ў турме. Беларусы — людзі з вольнымі галовамі, якія доўгія гады жывуць у няволі, ня важна, што за вокнамі — турэмны двор ці зялёны сад. Людзі на многае гатовыя дзеля славы, на большае — дзеля грошай, яшчэ на большае — дзеля ўлады. Але абсалютна на ўсё людзі гатовыя ісьці толькі дзеля аднаго — свабоды».

Марыя Калесьнікава падкрэсьліла, што беларусы штодня даказваюць імкненьне да свабоды, паколькі «ідуць у аўтазак, звальняюцца з працы, рызыкуюць здароўем, садзяцца ў турмы — дзеля свабоды».

Прэмію ў галіне правоў чалавека фонду імя Гэрхарта Баўма Марыя Калесьнікава «падзяляе з тымі, хто знаходзіцца ў зьняволеньні і пацярпеў за сваю грамадзянскую пазыцыю», у тым ліку з камандай штабу Віктара Бабарыкі і зь ім самім — чалавекам, які «цаной сваёй свабоды нас усіх аб’яднаў, натхніў і мы паверылі, што можам усё зьмяніць».

«Барацьба са злом працягваецца, беларусы яшчэ не даказалі, што дабро заўсёды перамагае, але ўжо даказалі, што дабро — ёсьць», — так завяршаецца прамова Марыі Калесьнікавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG