Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баец Марк Мядзьведзеў патлумачыў, чаму ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг пасьля бою ў Маскве


Марк Мядзьведзеў пасьля пераможнага бою ў Маскве. Скрыншот зь відэа
Марк Мядзьведзеў пасьля пераможнага бою ў Маскве. Скрыншот зь відэа

Баец паводле зьмешаных правілаў з Гомля Марк Мядзьведзеў на мінулых выходных выйграў першы бой у прафэсійнай кар’еры. Ён адзначыў гэта ўзьняцьцем бел-чырвона-белага сьцягу.

Марк Мядзьведзеў прызнаўся ў інтэрвію праекту «Настоящее время», што не чакаў такой рэакцыі на свой учынак. Яму прыйшло некалькі соцень паведамленьняў у сацыяльных сетках, абсалютная большасьць якіх станоўчыя. Баец убачыў такую падтрымку, як «быццам нейкі легендарны бой выйграў».

Беларускі сьцяг Мядзьведзеву на бой у Маскве прынёс сябар — таксама баец зьмешанага стылю Ільля Хаткевіч, які прытрымліваецца такой самай грамадзянскай пазыцыі. Асноўная прычына, зь якой Мядзьведзеў адсьвяткаваў перамогу ў баі менавіта пад бел-чырвона-белым сьцягам — салідарнасьць з народам і нежаданьне заставацца ў баку ад трагічных падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі ў гэты момант.

«Я хацеў падняць гэты сьцяг супраць гвалту, у падтрымку майго народу. А таксама спартоўцаў, якія прабіліся на Алімпійскія гульні, а ім цяпер перакрываюць кісларод, выганяюць са зборнай, пазбаўляюць заробкаў. Хацеў падтрымаць свой народ і падбадзёрыць. Спадзяюся, мая кар’ера працягнецца. Хоць яна толькі пачалася, гэта мой першы прафэсійны двубой».

Мядзьведзеў падкрэсьліў, што «не прапагандуе», што трэба падымаць менавіта бел-чырвона-белы сьцяг. Але лічыць гэта яскравым жэстам падтрыманьня суграмадзян у няпросты час.

На пытаньне, ці сутыкаўся сам з пратэстамі, Мядзьведзеў адказаў, што яшчэ ў самым пачатку. Ён увесь жнівень правёў у Гомлі.

«Калі шчыра, быў у шоку. Ехаў дадому ў таксі. Усё было перакрыта, я ехаў па цэнтральнай вуліцы, напэўна, гадзіны тры. Потым вырашыў выйсьці. Там усюды быў АМАП, усіх ціснулі».

Асабліва Марк турбуецца за тых калег-спартоўцаў, якім адміністрацыйнымі рашэньнямі змарнавалі доўгія гады падрыхтоўкі да важных стартаў.

«Многія спартоўцы праслаўлялі Беларусь і прадстаўлялі краіну на Алімпійскіх гульнях, яны ўсё жыцьцё да гэтага ішлі, а цяпер ім проста перагарадзілі гэтую дарогу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG