Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вядомы менскі бар «Перасьмешнік» выставілі на продаж


Плякат з падтрымкай Агульнанацыянальнага страйку ў Беларусі. Кастрычнік 2020
Плякат з падтрымкай Агульнанацыянальнага страйку ў Беларусі. Кастрычнік 2020

Бар трапіў пад пастаянныя праверкі і рэпрэсіі за тое, што не працаваў 26 кастрычніка — у дзень агульнанацыянальнага страйку. Уладальніца бару патлумачыла прычыны расставаньня зь бізнэс-праектам.

Гаспадыня бару Вольга Мазур паведаміла Tut.by, што «сытуацыя стала крытычнай». «Перасьмешніку» не давалі працаваць кантрольныя органы, якія рэгулярна выпісвалі штрафы і рабілі пазачарговыя праверкі.

«Нас закрылі ўжо чацьвёрты раз і ўжо другі тыдзень не адчыняюць. І я разумею, што гэта не канец. А ў мяне за сьпінай калектыў».

Рэстаратарка адзначыла, што бар перастаў прыносіць грошы, а пэрсанал захаваць неабходна. Менавіта дзеля гэтага яна і вымушаная прадаць «Перасьмешнік».

Бар «Перасьмешнік» на вуліцы Няміга ў самым цэнтры Менску адкрыўся 30 сьнежня 2016 году. Гэта бар з аўтарскай кухняй і жывой музыкай. Установа не працавала 26 кастрычніка, у дзень абвешчанага агульнанацыянальнага страйку, пасьля чаго на бар, як і іншыя ўстановы, якія далучыліся да страйку, пачалі прыходзіць праверкі з розных дзяржаўных органаў.

У лістападзе ўладальніцу «Перасьмешніка» Вольгу Мазур судзілі паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня. Некаторы час яна правяла ў ізалятары на Акрэсьціна, і затым у судзе яе аштрафавалі на 675 рублёў.

Пасьля 26 кастрычніка ў Менску праз рэпрэсіі зачынілася больш за 10 кавярняў і бараў, у тым ліку такія вядомыя, як «Хулиган», «Ў бар», «Бедный родственник», SVOBODY.4, POST BAR, Monkey Food, кавярні O’Petit, «32.08. Вечнае лета», «Мануфактура».

Таксама закрыліся ўсе праекты рэстаратара Ўладзіслава Луневіча: ENZO, Underdog, Дэпо, Лаўка, Let it be, BakeZavod, Simple. А сам Луневіч вымушаны быў пакінуць краіну.

Пацярпелі ад праверак кавярні і бары ў іншых гарадах Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG