За забарону прагаласавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні законапраекту «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях рэклямы», піша БелТА.
Намесьніца старшыні Пастаяннай камісіі па жыльлёвай палітыцы і будаўніцтве Аксана Гайдук заявіла, што некаторыя зьмяненьні накіраваныя на лібэралізацыю гэтай сфэры. Напрыклад, скасавана працэдура па ўзгадненьні зьместу вонкавай рэклямы і рэклямы на транспартным сродку. Таксама дазволена разьмяшчаць вонкавую рэкляму без праектнай дакумэнтацыі.
Сярод навацый — скарочаны аб’ём мэдыцынскай рэклямы, якая вымагае ўзгадненьне зь Міністэрствам аховы здароўя.
Рэкляма камэрцыйнага парадку дазваляецца толькі на электронных таблё, у выглядзе «бягучага радка і пэўных карцінак». Такім чынам, толькі сацыяльная рэкляма застанецца ў выглядзе гукавых паведамленьняў у грамадзкім транспарце.
На транспартных сродках і асобных ад іх прычэпах, якія не выкарыстоўваюцца для мэтавага прызначэньня больш за шэсьць месяцаў, рэкляма таксама забаронена.
Замацоўваецца норма, якая прадугледжвае забарону рэклямадаўцам і распаўсюднікам дастаўку папяровай рэклямы ў паштовыя скрыні на першае патрабаваньне іх уладальнікаў.
Акрамя апавяшчэньня на электронную пошту рэклямадаўцы, уладальнік паштовага адрасу можа забараніць дастаўку праспэктаў і газэт рэклямнага зьместу простай налепкай на скрыні аб недапушчальнасьці ўкідваньня рэклямы. Кантроль за гэтым замацаваны за Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.