Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пружанцы зьвярнуліся да старшыні райвыканкаму, каб схадзіць у краму без затрыманьня


«Прыпынак перамен» у Пружанак. Пасьля затрыманьня з аўтазакам на ім зьявіўся адпаведны надпіс. Назаўтра міліцыя прыехала затрымліваць людзей ужо на мікрааўтобусе
«Прыпынак перамен» у Пружанак. Пасьля затрыманьня з аўтазакам на ім зьявіўся адпаведны надпіс. Назаўтра міліцыя прыехала затрымліваць людзей ужо на мікрааўтобусе

Жыхары Пружанаў пачалі падаваць заявы на імя старшыні райвыканкаму, каб ім дазволілі схадзіць у краму і пры гэтым іх не затрымлівала міліцыя. Сумарна месьцічы правялі больш за 300 дзён пад арыштам.

Пакуль заяўнікі не атрымалі адказу зь мясцовай адміністрацыі, а затрыманьні гараджан працягваюцца, расказала Свабодзе Ганна Баран, якая мае юрыдычную адукацыю і ганаровую грамату Берасьцейскага аблвыканкаму. Яна нарадзілася ў Расеі, жыве ў Пружанах.

«Уявіце, вы выходзіце ў горад і вас штодня беспадстаўна затрымліваюць „для вызначэньня асобы“», — кажа Ганна Баран.

Прычым некалькі дзён запар затрыманьні адбываліся проста на аўтобусным прыпынку «Палац культуры», дзе пасьля выбараў штодня зьбіраліся прыхільнікі перамен. У народзе яго назвалі «прыпынкам перамен».

Сход прыхільнікаў перамен у Пружанак каля «прыпынку перамен» у жніўні
Сход прыхільнікаў перамен у Пружанак каля «прыпынку перамен» у жніўні

«3 сьнежня затрымалі Алега Кулешу, на другі дзень аўтазак пад’ехаў да прыпынку грамадзкага транспарту, затрымалі чацьвярых. 5 сьнежня зноў затрымалі чатырох чалавек, сярод іх была і я. 6 сьнежня я зь сябрам ішла з парку, затрымалі нас і яшчэ мужа з жонкай, яшчэ двух хлопцаў затрымалі ў краме «Белмаркет». 8 сьнежня затрымалі восем чалавек, а 9 сьнежня сем, пратрымалі каля трох гадзін і адпусьцілі без пратаколу», — кажа Ганна.

Агулам Ганну затрымлівалі «для вызначэньня асобы» ўжо пяць разоў.

«Яны ўжо цудоўна ведаюць маю асобу, законных падставаў для затрыманьня няма, бо мы прад’яўляем пашпарты. Яны кажуць: а мо ў вас пашпарт фальшывы. Пры гэтым яны запалохваюць затрыманых, маўляў, у Пружанскім раёне многа нераскрытых злачынстваў, будзем браць у вас біялягічны матэрыял, — кажа Ганна. — Як жыць у краіне, калі людзей перасьледуюць за праўду і законы не захоўваюцца? У мяне адказу на гэтае пытаньне няма. Перасьледуюць людзей, якія маюць іншую думку і не баяцца сказаць праўду пра падзеі ў краіне, якія супраць гвалту і беззаконьня».

Пяць чалавек падазраюць па крымінальным артыкуле

Сёньня а 7-й раніцы да маці трох непаўналетніх дзяцей Юліі Лаптановіч прыехалі на бусе сем супрацоўнікаў міліцыі зь Берасьця, яе затрымалі і павезьлі на допыт у абласны цэнтар. Дзеці якраз зьбіраліся ў школу, перапалохаліся.

Юлія Лаптановіч са Сьвятланай Ціханоўскай
Юлія Лаптановіч са Сьвятланай Ціханоўскай

Муж Юліі Ігар Лаптановіч адбывае 10-дзённы арышт.

Пасьля допыту Юлія сказала, што яе падазраюць у частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу.

У Пружанах паводле гэтага артыкула праходзяць як падазраваныя яшчэ пяць чалавек.

Ганна Баран таксама сярод падазраваных паводле артыкула 342, яе затрымлівалі яшчэ 30 кастрычніка, трымалі ў ІЧУ 72 гадзіны.

«Мне сказалі, што мы падазраваныя ў так званай справе „пра карагоды“. Гэта 13 верасьня, дзень, калі ў нас у Берасьці ўпершыню ўжылі вадамёт. Цяпер наконт мяне праводзяць партрэтную экспэртызу. Як кажа адвакат, такую экспэртызу злачынцаў не праводзяць, выяўляецца, карагоднікі важнейшыя за злачынцаў», — кажа Ганна.

Паводле суразмоўцы, пружанцы адседзелі агулам ужо больш за 300 дзён. Заўтра пройдуць яшчэ два суды паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG