Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 21 сьнежня Беларусь закрывае наземную мяжу на выезд

абноўлена

Беларуска-польская мяжа. Памежны пераход «Брузгі — Кузьніца»

У Беларусі ўводзіцца часовая забарона на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Афіцыйная прычына — для прадухіленьня распаўсюджаньня COVID-19, паведамляе Tut.by са спасылкай на пастанову Савету Міністраў № 705 ад 7 сьнежня 2020 году.

Пастанова Саўміну ад 30 кастрычніка 2020 г. № 624 «Аб мерах для прадухіленьня распаўсюду інфэкцыйнага захворваньня» дапоўнена пунктам 3:

«Часова прыпыніць перасячэньне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземцамі, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Абмежаваньні будуць дзейнічаць у аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях) і рачных партах праз дзяржаўную мяжу Беларусі.

Забарона не распаўсюджваецца на асоб з дыпляматычнымі і службовымі пашпартамі, афіцыйныя дэлегацыі, кіроўцаў міжнародных аўтамабільных перавозак, экіпажы паветраных і марскіх судоў, цягніковыя брыгады, камандзіровачных і некаторыя іншыя катэгорыі.

Таксама дазволена будзе выяжджаць беларусам:

  • з паведамленьнем пра цяжкую хваробу ці сьмерць блізкага сваяка, мужа (жонкi);
  • якія маюць від на жыхарства ці іншы сапраўдны дакумэнт, які пацьвярджае права на пастаяннае пражываньне ў замежнай дзяржаве, — да месца пастаяннага пражываньня;
  • для атрыманьня мэдычнай дапамогі, пры прад’яўленьні дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць мэту гэтай паездкі;
  • якiя працуюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы, — пры прадʼяўленьні пацьвярджальных дакумэнтаў);
  • для атрыманьня адукацыі ў замежных адукацыйных арганізацыях — пры прадʼяўленьні дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць атрыманьне імі адукацыі ў замежных навучальных установах, або дакументаў установы адукацыі Рэспублікі Беларусь аб накіраваньні на навучаньне.

Выезд па згаданых прычынах будзе дазволены не часьцей за адзін раз цягам шасьці месяцаў.

Іншаземцы пры ўезьдзе мусяць прад'явіць даведку пра тэст

Сярод іншых новаўвядзеньняў — іншаземцам, якія прыбываюць у Беларусь, неабходна будзе мець пры сабе даведку, якае пацьвярджае адмоўны вынік лябараторнага дасьледаваньня на COVID-19. ПЦР-тэст мае быць зроблены не пазьней трох сутак да даты перасячэньня мяжы. Адсутнасьць такога дакумэнта будзе падставай для адмовы ва ўезьдзе ў Беларусь.

Новыя патрабаваньні набываюць сілу 21 сьнежня, паведаміў Нацыянальны прававы партал.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG