Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка будзе судзіцца зь Міжнародным алімпійскім камітэтам?


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас аматарскага хакейнага турніру, сакавік 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас аматарскага хакейнага турніру, сакавік 2020 году

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі (НАК) заявіў, што Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) нібыта парушыў прынцып «заставацца па-за палітыкай», калі забараніў кіраўніцтву НАК афіцыйна ўдзельнічаць у падзеях МАК. Ключавыя словы тут — «кіраўніцтву» і «афіцыйна». Кіраўнік НАК Аляксандар Лукашэнка можа, як і ўсе, купіць на той ці іншы матч квіткі і пайсьці на трыбуну. Вядома, калі мае дазвол уехаць на тэрыторыю краіны, дзе будзе спаборніцтва. Адметна, што пры гэтым Лукашэнка пагражае падаць у суд на МАК, каб там патлумачылі, што кепскага ў «абароне краіны».

Сьцісла:

  • Для дыктатараў спорт — сымбаль уласнай моцы.
  • Лукашэнка прапануе МАК даказаць, што ён вінаваты. Праваабаронцы актыўна зьбіраюць і сыстэматызуюць усе факты пра катаваньні і забойствы мірных грамадзянаў у 2020 годзе.
  • Папярэднія чэмпіянаты міжнароднага ўзроўню ў Беларусі легітымізавалі Лукашэнку. Рабілі зь яго «крыху не дыктатара».
  • Абмежаваньні МАК і магчымая адмена прыёму Беларусьсю чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году ставяць кропку ў пытаньні, кім ёсьць Лукашэнка ў палітыцы.

Забраць штосьці ў Лукашэнкі са сфэры спорту — гэта як у дзіцяці адабраць любімую цацку. Колькасьць лядовых палацаў і пастаяннае мільганьне Лукашэнкі ў мэдыя з хакейнай клюшкай у руках пацьвярджаюць такую думку. У аўтарытарных рэжымаў спорт часта мае большае значэньне за навуку ці культуру. Імкненьне фізычна перамагчы суперніка рэалізуецца праз культывацыю спорту. Не «ў здаровым целе здаровы дух», а менавіта як трыюмфу волі. Палітычнай волі.

Дарэчы будзе згадаць Алімпійскія гульні ў Бэрліне 1936 году, калі алімпійцаў вітаў Адольф Гітлер. З трыбунаў яму адказалі дзясяткі тысяч выцягнутых рук у нацысцкім партыйным вітаньні. Праз тры гады нацысты распачалі Другую сусьветную вайну.

Вайна, расізм, сэксізм і допінг — вось тэмы, паводле якіх вызначаюцца дзесяць выпадкаў у гісторыі, калі пэўным краінам забаранялася браць удзел у Алімпійскіх гульнях. У выпадку Беларусі гаворка не пра спартоўцаў, а выключна пра спартовае кіраўніцтва, якое ачольвае ўласна Лукашэнка.

«Няхай Бах і банда раскажуць, у чым мая віна: што я сваю краіну абараняю?» — такімі словамі Лукашэнка характарызуе свае дзеяньні ў краіне ў 2020 годзе. Выяўляецца, што такім чынам ён краіну абараняе. 900 крымінальных справаў супраць дэманстрантаў, але ніводнай — супраць тых, хто іх катаваў. 160 палітычных зьняволеных, 30 000 прайшлі праз адміністрацыйныя арышты, тысячы катаваньняў, дзясяткі скалечаных. Гэта ўсё прыблізныя лічбы. І нявызначаная колькасьць забітых.

Пытаньне — а дзе тут «палітыка»?

Лукашэнка пагражае падаць у суд на МАК, каб там патлумачылі, што кепскага ў «абароне краіны». Ці застануцца пагрозы (ці абяцаньні, як паглядзець) пагрозамі? Тымчасам праваабарончыя арганізацыі няспынна сыстэматызуюць факты масавага гвалту сілавых структураў Беларусі над мірнымі грамадзянамі. Дакумэнты могуць быць перададзеныя хоць у які-кольвечы суд у Эўропе, хоць, напрыклад, у суд Савецкага раёну Менску. Ды ў любы суд, які Лукашэнка захацеў бы выбраць для разгляду сваёй справы.

Працытуем самога Лукашэнку: «Сёньня кажуць: спорт па-за палітыкай. Спорт — гэта самая вялікая палітыка».

Чэмпіянат сьвету ў хакеі 2014 году быў вельмі важным для Лукашэнкі, як і іншыя міжнародныя спартовыя спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі. Прыезд іншаземцаў з усяго сьвету сьведчыў, што не такі ўжо Лукашэнка і «людажэр».

Цяпер чэмпіянат сьвету ў хакеі 2021 году, які мусіў часткова адбыцца ў Беларусі, з краіны можа быць перанесены. А самага Лукашэнку і ягоных набліжаных робяць нон-грата ў сьвеце спорту. Дый наагул у сьвеце.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG