Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ знайшоў «сакральных» тэрарыстаў


Будынак КДБ у Менску

Ці не падобная справа «банды Аўтуховіча» на справы «Белага легіёну» і вагнэраўцаў, ці ня ёсьць новая справа правакацыяй КДБ? Ці зьяўляецца тэрорам тое, у чым групу Аўтуховіча абвінавачваюць? Ці стала гэтая справа праявай радыкалізацыі беларускага грамадзтва і хто за гэта адказны? Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Сьцісла:

Юры Дракахруст:

  • Адразу прыгадваецца справа «Белага легіёну», дзе таксама дэманстравалі горы зброі, таксама пахла тэрарыстычным артыкулам, былі шчыраваньні «фраў А». — і дзе гэта ўсё цяпер? Справа рассыпалася, нічога не засталося. Высьветлілася, што няма цяжкіх злачынстваў — няма ніякіх злачынстваў. Са смуродам разбурылася «справа вагнэраўцаў», якія, канешне, не анёлы. Але ня ў гэтай сытуацыі. Я не выключаю, што гэтая справа можа гэтак жа рассыпацца.
  • Гэтае спадарства ледзь не тэрарызмам называе бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе. Альбо Кацярына Барысевіч апублікавала даведку пра стан Рамана Бандарэнкі перад сьмерцю — дык «злачынца» яна, а ня тыя, хто яго забіў. А тых, хто яго забіў, і не шукаюць.
  • Вось яны кажуць: «На совести террористов — подрыв автомобиля в Гродно, а также сожженный дом в Волковыске. Жертвой мог стать кто угодно, чьи данные были выложены в деструктивных телеграм-каналах». Дык ахвярай жа ня стаў ніхто! А вось Раман Бандарэнка — стаў ахвярай, і ягоных забойцаў не шукаюць. І вельмі важна, ніхто не загінуў! І як вынікае зь перадачы, чалавек сачыў не за тым, каб у час выбуху зьявіліся людзі, а каб не зьявіліся. Гэта значыць, мэтай не было забойства. Гэта можна кваліфікаваць як дывэрсію, але гэта ніяк не тэрор.
  • З рэпартажу БТ пакуль відавочнай зьвязкі зь нейкімі палітычнымі лідэрамі, ці там з Варшавай, і гэтак далей, няма. Ня кажуць, што за гэтым стаяць Бабарыка, ці Ціханоўская, ці Байдэн, ці Трамп. Гэта не азначае, што яна ня зьявіцца заўтра. Пакуль гуляецца псыхалягічная карта: вось гэтыя шэсьці, гэты бардак спарадзілі ўжо падпалы і гэтак далей.
  • Беларусы аказаліся вельмі вытрыманыя. Яны разумеюць, што радыкальныя дзеяньні, адказ на сілу сілай, будуць мець кепскія вынікі, скажам гэтак, для Бацькаўшчыны. Калі параўноўваць зь іншымі краінамі — у Беларусі радыкалізацыя мінімальная. Ёсьць факты булінгу, але гэта нішто ў параўнаньні з тым, што адбываецца з таго боку, у параўнаньні з дэманстратыўнай беспакаранасьцю, калі ніводнай справы крымінальнай за гвалт сілавікоў.

Сяргей Навумчык:

  • Калі супрацоўніку КДБ Канстанціну Бычаку, які ў тэлесюжэце кажа пра тэрарызм, хочацца даведацца пра сапраўдныя акты тэрарызму, прычым супраць дзяржаўных дзеячоў (а гэта, згодна зь беларускім КК, аж да сьмяротнага пакараньня і значыць, ня мае тэрміну даўніны) — ён можа вывучыць падзеі ў Авальнай залі ў красавіку 1995-га, калі ўзброеныя асобы, у тым ліку і група КДБ «Альфа», зьбілі дэпутатаў парлямэнту (дэпутат парлямэнту — гэта ня толькі палітык, гэта і дзяржаўны дзяяч), ці калі ў 1999 годзе быў забіты выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар, і гэтак далей.
  • Мяне ўразілі словы кінарэжысэра Лазьніцы, што калі б тое, што адбылося 9-12 жніўня на Акрэсьціна, здарылася ў Кіеве — назаўтра ўкраінцы разабралі б гэтае Акрэсьціна па цаглінах, як у свой час парыжане — Бастылію.
  • Беларусы сапраўды прадэманстравалі фэномэн, пра які кажуць міжнародныя аглядальнікі: чатыры месяцы мірных пратэстаў. Гэта на адным полюсе. А на другім — поўнае беззаконьне з боку ўлады. Сёньня я прачытаў таксама фэнамэнальныя радкі пратаколу, дзе напісана, што чалавек вывесіў на лёджыі бел-чырвона-белы сьцяг, і тым самым — увага! — выказаў сваю палітычную пазыцыю. Значыць, і выказваць палітычную пазыцыю — забаронена! Такога яшчэ не было.
  • Сюжэт, паказаны па тэлебачаньні, мог бы быць пераканаўчым для чалавека, які зусім ня ведае, што адбывалася ў Беларусі хаця б у апошнія месяцы. Пасьля заяваў сотняў людзей пра нялюдзкія катаваньні можна чакаць ад таго самага Аўтуховіча ці каго заўгодна прызнаньняў, напрыклад, у арганізацыі тэрактаў супраць ЗША ў 2001 годзе.
  • Сюжэты арганізаваных Сталіным працэсаў 1930-х гадоў так ці інакш зводзіліся да выкрыцьця нібыта галоўнай мэты фігурантаў — зьнішчэньня Сталіна. Мне падаецца, што цяпер рыхтуюць маштабны працэс, які павінен перакрыць сабой іншыя суды, і не зьдзіўлюся, калі галоўнай мішэньню абвінавачаных будзе названы той, хто набраў «80%» народнай падтрымкі.
  • Калі абстрагавацца ад пэрсоны Аўтуховіча, якога абвінавачваюць у тэрарызьме, і паглядзець на гісторыю, хаця б той самай Расейскай імпэрыі, часткай якой была Беларусь — мы ўбачым, што ўзмацненьне дзяржаўнага ціску, узмацненьне рэакцыі, як яе тады называлі, непазьбежна цягнула за сабой радыкалізацыю і тэрор.
  • У тэлеграм-каналах пішуць рознае, у тым ліку і пра сілавікоў, у тым ліку і тое, што я б, напрыклад, не пісаў бы. Але нейкіх заклікаў да гвалту супраць іх — мізэр. А вось чаго сапраўды шмат — гэта допісаў, што рана ці позна тым, хто ўчыняе рэпрэсіі, давядзецца адказваць паводле закону.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG