Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найярчэйшая зорка сучаснага тэатру». Памерла народная артыстка Беларусі Бэла Масумян

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Горкага
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Горкага

8 сьнежня на 84-м годзе жыцьця пасьля цяжкай хваробы памерла народная артыстка Беларусі Бэла Масумян.

Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага.

«Яе сьмерць — цяжкая і незаменная страта для сяброў і мільёнаў прыхільнікаў яе неабсяжнага таленту, велізарная страта для мастацтва, служэньню якому яна прысвяціла ўсё сваё жыцьцё», — адзначаюць калегі легендарнай актрысы.

Бэла Масумян нарадзілася 15 верасьня 1937 году ў Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны. У 1961-м скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут , спэцыяльнасьць «актор тэатру і кіно», і ад таго часу працавала ў горкаўскім тэатры.

«Бэла Масумян — найярчэйшая зорка сучаснага тэатру Беларусі, — лічыць тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі. — Мне пашчасьціла бачыць яе ў дзясятках роляў, пачынаючы зь вельмі даўняй „Аб’явы ў вячэрняй газэце“ і аж да апошніх у спэктаклях „Загадкавы візыт“, „Леў зімой“, „Шчасьце ёсьць!“... У сваёй шляхетнасьці, высокай эмацыйнасьці, псыхалягічнай і плястычнай дакладнасьці кожнай ролі яна была выключным Майстрам. І ўсё сваё творчае жыцьцё адкрытая да сьмелых экспэрымэнтаў як з мэтрамі рэжысуры, так і дэбютантамі. Мне пашчасьціла быць добра знаёмым з Бэлай Амаўнай. Да апошняга, нават калі змагалася зь цяжкой хваробай, яна была скіраваная на працу. Не здавалася, выходзіла на сцэну, бо яе сапраўдным жыцьцём быў Тэатар...»

Унёсак Бэлы Масумян у беларускае тэатральнае мастацтва адзначаны шэрагам рэгаліяў. Яна народная артыстка Беларусі, заслужаная артыстка БССР, уладальніца мэдаля Францішка Скарыны за заслугі ў галіне культуры, мае найвышэйшую ўзнагароду Беларускага саюзу тэатральных дзеячоў «Крыштальная Паўлінка».

Час і месца разьвітаньня з выбітнай акторкай у тэатры абяцаюць паведаміць пазьней.

XS
SM
MD
LG