Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе пазбаўленьня і абмежаваньня волі за надпіс «Не забудзем!» яшчэ тром пратэстоўцам


Надпіс на месцы гібелі пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Менск, 15 жніўня 2020 году.

8 сьнежня агучаць прысуды яшчэ траім аўтарам надпісу ў памяць аб загіблым удзельніку пратэсту Аляксандры Тарайкоўскім. Пракурор адмовілася ад аднаго з артыкулаў абвінавачваньня, але папрасіла ў суду пазбаўленьне волі для аднаго з падсудных.

У судзе Фрунзэнскага раёна Менска завяршаецца разгляд крымінальнай справы за абнаўленьне надпісу «Не забудзем» каля народнага мэмарыялу, прысьвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Падсудныя зрабілі такі надпіс 9 верасьня.

Справу вядзе судзьдзя суда Фрунзенскага раёну Юлія Крэпская. На лаве падсудных — Дзяніс Граханаў, Ігар Самусенка, Уладзіслаў Гуліс.

Спачатку дзеяньні фігурантаў справы кваліфікаваліся па двух артыкулах: ч. 2 арт. 339 КК — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў», і ч. 2 арт. 218 КК — «Наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненыя агульнанебясьпечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненьне шкоды ў буйным памеры».

Граханаў і Самусенка прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. 8 сьнежня на судзе яны выступілі з апошнім словам.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Валерыя Таратынка адмовілася ад абвінавачваньняў па ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэксу. У выніку яна папрасіла суд пакараць Уладзіслава Гуліса 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі, а Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку асудзіць на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званую хімію.

Суд агучыць рашэньне па справе 8 сьнежня ў 16.30.

Сёньня судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Юлія Блізьнюк прызнала менчукоў Марыю Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка вінаватымі паводле ч. 2 артыкула 339 КК Рэспублікі Беларусь (хуліганства). Максіму Паўлюшчыку яна прысудзіла два гады калёніі агульнага рэжыму, Марыі Бабовіч — 1,5 года абмежаваньня волі, так званай «хатняй хіміі».

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG