Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Літва будзе імкнуцца паскорыць увядзеньне новых санкцыяў супраць Беларусі


Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, які заканчвае сваю кадэнцыю, закліча калег у Эўрапейскім зьвязе паскорыць увядзеньне новых санкцыяў супраць беларускага рэжыму на паседжаньні Рады замежных справаў у Брусэлі ў панядзелак.

«З нашай ініцыятывы таксама будзе згадвацца і Беларусь, тое, што там адбываецца. Цяпер ідзе працэс абмеркаваньня трэцяга пакету санкцыяў — мы хочам яго паскорыць. У ім будуць дадатковыя прозьвішчы, таксама будуць некаторыя кампаніі, чаго раней не было», — сказаў Лінкявічус агенцтву BNS.

Паводле яго, цяпер новы пакет санкцыяў знаходзіцца на разглядзе, але працэс не павінен заняць шмат часу.

«Бакі працуюць, і мы сярод ініцыятараў. Цалкам верагодна, што працэс павінен хутка скончыцца», — сказаў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

На парадку дня сустрэчы таксама пытаньне трансатлянтычных дачыненьняў, міністры падзеляцца меркаваньнямі аб прыярытэтах супрацоўніцтва паміж ЭЗ і ЗША.

«Мы будзем гаварыць пра трансатлянтычныя дачыненьні, якія актуальныя цяпер, асабліва па меры набліжэньня новай адміністрацыі ў ЗША», — сказаў Лінкявічус.

Міністры замежных справаў ЭЗ таксама абмяркуюць сытуацыю пасьля выбараў у Грузіі, выбары ў Вэнэсуэле, а таксама пытаньні, зьвязаныя з правамі чалавека, стратэгічнай аўтаноміяй, Турэччынай і Ганконгам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG