Памочнік Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Юры Караеў у эфіры СТВ выказаўся сярод іншага пра сьмерць Рамана Бандарэнкі.
«Я думаю, пра гэты выпадак ужо шмат расказана, і адзінае годнае рэагаваньне — менш шуму вакол гэтага, не рабіць на гэтым ніякім бакам ніякіх спэкуляцый. Галоўным тут ёсьць супакой душы чалавека. Якісьці бок цяпер вакол гэтага праяўляць і зноў разьдзімаць іскры ня варта нікому».
Пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў ён назваў «адурманенасьцю дэструктыўнымі тэлеграм-каналамі».
«Гэтыя людзі, якіх каранавірус пазбавіў нейкіх іншых відовішчаў, яны ня згодныя; з чым — сфармуляваць ня могуць. Яны ёсьць і яшчэ нейкі час будуць. Будуць хадзіць, бадзяцца. Такое ўражаньне, што яны вельмі хочуць атрымаць гэтыя штрафы, суткі арышту», — ахарактарызаваў пратэстоўцаў Караеў.