Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля рэзыдэнцыі Нэтаньягу прайшоў пікет супраць ізраільскай палітыкі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі


На вуліцы Бальфур у Ерусаліме, дзе разьмяшчаецца рэзыдэнцыя ізраільскага прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу ў чацьвер увечары адбыўся пікет пратэсту супраць легітымізацыі Ізраілем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Больш за 50 удзельнікаў — выхадцаў зь Беларусі — сабраліся, каб выказаць сваё незадавальненьне пазыцыяй Ізраілю, у рамках якой амбасадар Ізраілю ў Беларусі ўручыў даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку, дэ-факта даўшы яму легітымацыю.

Беларускія пратэсты працягваюцца ўжо 4 месяцы, але Ізраіль дагэтуль не асудзіў рэпрэсіі і гвалт у краіне, хоць ад рэжыму пацярпелі, як мінімум, 7 грамадзянаў Ізраілю, якія наведвалі Беларусь.

Дэманстранты заклікалі ўрад Ізраілю выступіць супраць гвалту ў цэнтры Эўропы. На плякатах, зь якімі яны прыйшлі на вуліцу Бальфур, было напісана: «Галакост здарыўся, калі ўвесь сьвет маўчаў! Маўчаньне — спрыяньне злачынствам!», «Нэтаньягу, чаму ты маўчыш?», «Чаму маўчаць іўрытамоўныя СМІ?» і іншыя.

Таксама былі плякаты са статыстыкай рэпрэсій у Беларусі і з інфармацыяй пра ўклад выхадцаў зь Беларусі у станаўленьне дзяржавы Ізраіль. У Беларусі нарадзіліся многія вядомыя дзеячы Ізраілю: бацька сучаснага іўрыту Эліэзер Бэн Егуда, прэзыдэнты Хаім Вэйцман, Залман Шазар, Шымон Пэрэс, прэм’ер-міністар Мэнахем Бэгін, а таксама дзед Нэтаньягу рабін Натан Мілейкоўскі.

Гучала музыка зь песьнямі ў выкананьні беларуска-ізраільскай акторкі Ганны Хітрык. Пратэстоўцы падрыхтавалі таксама «жорсткі пэрформанс» на тэму гвалту з боку беларускага АМАПу, аднак, яго паказ спыніла Ерусалімская паліцыя.

Матэрыял даслала Ірына Гурэвіч, арганізатарка пікету і актывістка супольнасьці «Беларусы ў Ізраілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG