Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім форуме зрабілі прагноз, колькі часу спатрэбіцца на арганізацыю і правядзеньне новых выбараў


Кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук паведаміў на Менскім форуме аб «рэнэсансе незалежных прафсаюзаў у Беларусі».

На Менскім форуме заявілі, што без спыненьня гвалту, вызваленьня палітвязьняў і пачатку дыялёгу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю з наступнымі новымі выбарамі немагчымая нармалізацыя адносін паміж Брусэлем і Менскам.

На 18-м беларуска-нямецкім Менскім форуме на эканамічнай панэлі «Выклікі і магчымасьці цяперашняй беларускай эканамічнай мадэлі» ўдзельнікі адзначылі адраджэньне незалежных прафсаюзаў у Беларусі, піша Deutsche Welle.

Эканамічную частку форуму адкрываў пасол Нямеччыны ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр. Ён зазначыў, што без выкананьня трох умоў Эўразьвязу — спыненьня гвалту, вызваленьня палітвязьняў і пачатку дыялёгу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю з наступнымі новымі выбарамі — немагчымая нармалізацыя адносін паміж Брусэлем і Менскам.

Акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярына Барнукова схарактарызавала стан эканомікі Беларусі як стагнацыйны цягам апошніх 10 гадоў. Прычыны, на яе думку, у адсутнасьці рэформаў, да чаго сёлета дадаліся й наступствы пандэміі COVID-19. Сярод праблем яна выдзеліла адсутнасьць даверу беларусаў да банкаўскай сыстэмы.

Намесьнік кіраўніка Нямецкай эканамічнай групы (GET) Робэрт Кірхнэр выказаў сур’ёзныя сумневы ў тым, што беларускі ІТ-сэктар пакажа ранейшую эфэктыўнасьць ва ўмовах жорсткага ціску. Да таго ж афіцыйны Менск, на ягоную думку, ня мае залатых і валютных рэзэрваў, каб перажыць шок у эканоміцы.

Кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук заявіў, што незалежныя прафсаюзы перажываюць рэнэсанс.

«Людзі пайшлі ў БКДП, колькасьць чальцоў вырасла на 20%. А ў праўладнай ФПБ упала на 20–30%. Гэтыя ручаі можна трансфармаваць у моцны рух».

Прадстаўнік штабу Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных пытаньнях Францішак Вячорка спрагназаваў час, за які можна будзе выбраць новага прэзыдэнта пасьля заканчэньня дыктатуры.

«Хопіць усяго 45–60 дзён, каб арганізаваць і правесьці новыя выбары, за якія мы і змагаемся».

Вячорка дадаў, што па дзейным заканадаўстве патрэбная толькі празрыстасьць працы выбарчых камісій. Новыя выбары — немагчымы сцэнар для Лукашэнкі і Расеі, якая такім чынам страціць кантроль над Беларусьсю.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Кацярына Шмаціна лічыць, што ў цяперашні момант Расея падтрымлівае рэжым Лукашэнкі пераважна словамі, а фінансавая дапамога неўзабаве можа канчаткова спыніцца. На яе думку, беларуская дэмакратычная супольнасьць павінна яшчэ раз даць Крамлю зразумець, што выступае за добрыя адносіны як з Захадам, так і з Масквой.

У працы эканамічнай панэлі на 18-м Менскім форуме таксама ўзялі ўдзел дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык, намесьнік начальніка дэпартамэнту Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі і «Ўсходняга партнэрства» Эўракамісіі Ераен Вілемс, эканамічны дарадца экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Алесь Аляхновіч, сустаршыня руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач, старшыня Нямецка-беларускага таварыства Маркус Мэкель.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG