Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Малдовы падпарадкаваў сабе спэцслужбу, абмежаваўшы паўнамоцтвы прэзыдэнта


Паліцыя ахоўвае парлямэнт ад пратэстоўцаў, Малдова, Кішынэў, 3 сьнежня 2020

Парлямэнт Малдовы абмежаваў паўнамоцтвы прэзыдэнта, перавёўшы Службу інфармацыі і бясьпекі (СІБ) у падпарадкаваньне заканадаўчаму органу. Такое рашэньне было прынятае сёньня адразу ў двух чытаньнях

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

За прыняцьце рашэньня прагаласавала новая парлямэнцкая большасьць фракцыяў Партыі сацыялістаў і партыі «Шор» — 51 з 101 дэпутата. Апазыцыя ня ўдзельнічала ў галасаваньні, паспрабаваўшы сарваць пасяджэньне.

Прыняты закон прадугледжвае, што парлямэнт павінен прызначаць дырэктара службы і двух яго намесьнікаў.

Праект, падрыхтаваны групай дэпутатаў-сацыялістаў, быў зарэгістраваны за дзень да прыняцьця — 1 сьнежня. Ён выклікаў рэзкую крытыку правых партый і абранай прэзыдэнткі Маі Санду, якая лічыць гэтую ініцыятыву спробай узурпацыі ўлады.

У дзень галасаваньня каля будынку парлямэнту адбылася акцыя пратэсту.

У 2016 годзе, калі заступаў на пасаду прэзыдэнта лідэр Партыі сацыялістаў Ігар Дадон, з падачы алігарха Ўладзіміра Плахатнюка парлямэнт перавёў спэцслужбу ў сваё падпарадкаваньне, што выклікала крытыку сацыялістаў. Улетку 2019 году галасамі кааліцыі сацыялістаў і блёку Маі Санду СІБ вярнулі пад кантроль прэзыдэнта.

Учора Санду, якая перамагла Дадона на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, заклікала сваіх прыхільнікаў на акцыю пратэсту супраць узурпацыі ўлады Дадонам. Некалькі тысяч чалавек правялі акцыю пратэсту, але пасьля таго, як яны разышліся, парлямэнцкая большасьць у лічаныя хвіліны і без абмеркаваньня прыняла закон аб перападпарадкаваньні спэцслужбы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG