Тады затрымалі пяць мясцовых жыхароў: Паўла Паўлючэнку, Сяргея Юшкевіча, Мікалая Ракуціна, Генадзя Салаўёва ды Аляксандра Клебчу. Праз два гады іх апраўдалі, а праз 14 справу ўзнавілі пасьля вынікаў «пахавай» экспэртызы, якую 14 гадоў таму яшчэ не праводзілі.
Суд над чатырма падазраванымі (Аляксандар Клебча стаў сьведкам) доўжыўся ад 30 сакавіка 2020 году. Сваёй віны яны не прызналі. Суд пастанавіў:
- Мікалаю Ракуціну і Сяргею Юшкевічу прызначыць пажыцьцёвае зьняволеньне з адбываньнем пакараньня ў калёніі асаблівага рэжыму;
- Паўла Паўлючэнку і Генадзя Салаўёва адправіць у калёнію на 25 гадоў. Першыя пяць гадоў яны будуць сядзець у турме, а астатні тэрмін — у калёніі строгага рэжыму.
- Паводле выраку судзьдзі Сяргея Каралёва, яны ўчынілі забойства дваіх і больш чалавек з асаблівай жорсткасьцю, групай асобаў, з карысьлівых намераў, а таксама вінаватыя ў разбоі з пранікненьнем у жытло для завалоданьня маёмасьцю ў буйным памеры.
Прысуд набудзе моц праз 10 дзён. Абвінавачаныя маюць права абскардзіціць вырак.
Што адбылося ў 2005 годзе?
Сям’я з шасьці чалавек прадала кватэру ў Бялынічах, бо не магла плаціць за камунальныя паслугі, і пераехала ў Вялікую Машчаніцу. Праз тры дні ўсіх іх забілі.
Паводле вэрсіі сьледзтва, матывам для забойства 48-гадовай жанчыны, яе 53-гадовага сужыцеля, 27-гадовай дачкі гаспадыні, яе 7-гадовага сына, 6-гадовай дачкі і 22-гадовага сужыцеля стала жаданьне падазраваных завалодаць буйной сумай грошай.
Спачатку зламысьнікі хацелі напаіць гаспадароў, але папойка перарасла ў сварку і прывяла да забойства. У дарослых на целе судмэдэкспэрты налічылі па 30 удараў, а ў дзяцей па 20. Іх білі кулакамі, цаглінай, мэталічнай трубой і сякерай. З дому забітых падазраваныя забралі 1100 даляраў і ровар.
Падазраваных затрымалі ў першыя суткі расьсьледаваньня. Паводле сьледзтва, сплянаваў напад на сям’ю і верхаводзіў, калі яе забівалі, 24-гадовы на той момант Павал Паўлючэнка. Мікалаю Ракуціну, Сяргею Юшкевічу, Генадзю Салаўёву было па 18 гадоў. 21 год меў Аляксандар Клебча. Суд над імі пачаўся ў 2007 годзе.
Першы суд — віна не даказаная
Пракурор прасіў расстраляць траіх абвінавачаных, а дваіх асудзіць на пажыцьцёвае зьняволеньне. На дасудовым сьледзтве абвінавачаныя прызналі віну. Судзьдзя Міхаіл Мельнікаў, аднак, вынес апраўдальны вырак, бо палічыў віну падсудных не даказанай:
- Паказаньні супярэчылі адно аднаму.
- Падсудныя заявілі, што прызналіся ў забойстве пад ціскам сьледчых і сукамэрнікаў.
- Доказы віны былі сабраныя сьледчымі з парушэньнямі належных працэдураў.
Аляксандра Клебчу вызвалілі ў залі суду. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза прызнала яго «разумова адсталым», і яго перавялі ў сьведкі. Астатніх асудзілі за іншыя злачынствы, выяўленыя падчас расьсьледаваньня забойства: згвалтаваньне, сэкс зь непаўналетнімі, крадзеж, уцягваньне непаўналетніх у сумеснае расьпіваньне алькаголю.
Паўлючэнку далі 10 гадоў і 2 месяцы, Ракуціну, Юшкевічу і Салаўёву па 4 гады.
Чаму вярнуліся да справы цяпер?
У кастрычніку 2018 году Вярхоўны суд скасаваў апраўдальны прысуд 11-гадовай даўнасьці. У лістападзе 2019 году затрымалі тых жа падазраваных.
Падставай сталі вынікі «судовай альфактарнай экспэртызы пахавых сьлядоў». Паводле сьледчых, гэтая мэтодыка дазваляе выявіць і ідэнтыфікаваць сьляды пахаў чалавека ва ўмовах кансэрвацыі іх крывёю. Як яны кажуць, на рэчавых доказах захаваліся пахі раней апраўданых фігурантаў справы.
Дом, у якім адбылося забойства, у кастрычніку 2019 году згарэў. Сьледчы камітэт завёў справу за «наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці».
Пра што казалі падсудныя
У апошнім слове Генадзь Салаўёў заклікаў суд вынесьці справядлівы прысуд. Ён настойваў, што ня ведаў пацярпелых, не забіваў іх і ня мае ніякага дачыненьня да забойства. Прасіў адпусьціць яго дамоў, а ў выпадку, калі суд палічыць ягоную віну даказанай, прызначыць яму сьмяротнае пакараньне. Салаўёў назваў паказаньні былога фігуранта справы Клебчы хлусьнёй і зьвярнуў увагу на іх супярэчнасьці.
Ракуцін таксама заявіў, што ня мае дачыненьня да забойства, а раней прызнаваў віну, бо баяўся за жонку і дзяцей. Паводле Паўлючэнкі, сьледзтва не прадставіла «жалезабэтонных доказаў віны», «меркаваньні ў такой справы недапушчальныя».
Перад агучваньнем выраку абвінавачаныя сказалі журналістам, што не рабілі злачынства. Яны спадзяюцца на справядлівы прысуд, але не выключаюць судовай памылкі. Паводле іх, у 2007 годзе на першым судзе зь іх выбілі прызнаньне, але на судовым працэсе яны здолелі давесьці сваю невінаватасьць. Гэтым разам зь імі абыходзіліся больш «ляяльна», але допыты вяліся з абвінаваўчым ухілам. Салаўёў і Юшкевіч настойвалі, што экспэртыза ня выявіла пахаў пацярпелых на іх, а яны сталі ахвярамі абгавору Клебчы ды іншых фігурантаў справы.
Родныя сустрэлі прысуд плачам і роспачным «За што?»