Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: вяртаньне да ядзернай зьдзелкі з Іранам, працяг цяперашняй палітыкі адносна Кітаю


Джо Байдэн

Абраны прэзыдэнт Джо Байдэн мае намер працаваць над вяртаньнем краіны ў склад удзельнікаў міжнароднага пагадненьня па іранскай ядзернай праграме, але не плянуе значных пераменаў у палітыцы ў дачыненьні да Кітаю

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію газэце The New York Times.

Байдэн адзначыў, што вярнуць ЗША ў зьдзелку па Ірану, зь якой яны выйшлі ў 2018 годзе, будзе нялёгка, але дэмакраты падтрымліваюць гэта.

«Наперадзе шмат працы. Я сканцэнтраваны на тым, каб як мага хутчэй прыступіць да яе», — сказаў палітык.

Паводле яго словаў, будучая адміністрацыя плянуе ў супрацоўніцтве з саюзьнікамі і партнэрамі ўдзельнічаць у перамовах і сфармуляваць дадатковыя пагадненьні, якія б разьвілі і працягнулі дзеяньне абмежаваньняў у дачыненьні да іранскай ядзернай праграмы, а таксама тычыліся б іранскай ракетнай праграмы.

Пры гэтым Байдэн адзначыў, што пагадненьне, якое кантралявала б ядзерныя распрацоўкі Тэгерану, — гэта «найлепшы інструмэнт забесьпячэньня стабільнасьці ў рэгіёне».

«Нарошчваньне ядзернага патэнцыялу ў гэтай частцы сьвету — гэта апошняе, чаго мы хочам», — падкрэсьліў Байдэн.

Байдэн пакуль ня мае намеру мяняць што-небудзь у палітыцы адносна Кітаю, якая праводзіцца адміністрацыяй дзейнага прэзыдэнта Дональда Трампа.

Ён, у прыватнасьці, заявіў, што пакуль хоча пакінуць у сіле 25-адсоткавыя тарыфы, уведзеныя адміністрацыяй Трампа ў дачыненьні амаль да паловы кітайскага экспарту ў ЗША.

Гэта тычыцца і дасягнутай паміж Вашынгтонам і Пэкінам дамоўленасьці аб набыцьці Кітаем у 2020–2021 гадах амэрыканскіх тавараў і паслуг на 200 млрд даляраў, каб дасягнуць збалянсаванасьці ў гандлі дзьвюх краін.

«Я не зьбіраюся рабіць якія-небудзь неадкладныя дзеяньні, гэта тычыцца і тарыфаў. Я не зьбіраюся абмяжоўваць свае магчымасьці выбару», — сказаў ён.

Байдэн растлумачыў, што спачатку хоча пракансультавацца з традыцыйнымі саюзьнікамі ЗША ў Азіі і Эўропе.

Байдэн расказаў, што ў сваёй палітыцы ў дачыненьні да гандлю ЗША з КНР ён будзе акцэнтаваць намаганьні на барацьбе зь «нядобрасумленнай практыкай» з боку Кітаю.

Да такой палітыкі ён аднёс крадзеж інтэлектуальнай уласнасьці, дэмпінг тавараў, супрацьпраўнае субсыдыяваньне карпарацыяў і прымус да перадачы амэрыканскіх тэхналёгіяў кітайскім кампаніям.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG