Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва просіць Беларусь даць інфармацыю аб непаладках на першым блёку БелАЭС


Астравецкая АЭС. Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная інспэкцыя па бясьпецы атамнай энэргетыкі Літвы запрасіла ў Беларусі інфармацыю пра магчымасьць аварыі на запасной сыстэме ахаладжэньня першага блёку Беларускай АЭС, паведамілі агенцтву BNS у інспэкцыі.

«Інспэкцыя зьвярнулася ў Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі з тым, каб атрымаць дэталёвую інфармацыю аб непаладках у рэзэрвовай сыстэме ахаладжэньня рэактара першага блёку, стане гэтай сыстэмы і уплыве магчымых непаладак на забесьпячэньне бясьпекі блёку пры правядзеньні работ па яго запуску», — паведаміла інспэкцыя.

У міністэрстве энэргетыкі Літвы са свайго боку паведамілі BNS, што ведамства ня мае афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт, аднак ведае пра тое, што інспэкцыя па бясьпецы зьвярнулася ў беларускае міністэрства.

Пра інцыдэнт паведаміў партал ecohome-ngo.ny. «Пры заканчэньні гідравыпрабаваньняў на АЭС адбылося буйное надзвычайнае здарэньне. З прычыны неадчыненага кляпана пры адпампоўцы вадкасьці ў канцы выпрабаваньняў быў пашкоджаны танкер сыстэмы аварыйнага ахаладжэньня першага рэактара», — піша партал, публікуючы заяву Беларускай антыядзернай кампаніі, якая супрацоўнічае па пытаньнях бясьпекі БелАЭС.

«Хутчэй за ўсё, адбылася імплёзія бака. Ён патрабуе замены, але паколькі замена бака раўназначная прызнаньню аварыі — яго замест гэтага спрабуюць направіць. Такім чынам, мы маем „гарачы“ рэактар з няштатна дзейнай (у лепшым выпадку) рэзэрвовай сыстэмай аварыйнага ахаладжэньня», — сказана ў заяве.

Пры гэтым, паводле інфармацыі Беларускай атамнай электрастанцыі, цяпер рэактар застаецца ў гарачым стане і праводзяцца працы па яго досьледна-прамысловай эксплюатацыі, зьвязаныя з павышэньнем магутнасьці.

У верасьні паведамлялася пра пачатак гідраўлічных выпрабаваньняў першага рэактара БелАЭС, але не паведамляецца пра дату іх заканчэньня.

Дзяржаўная інспэкцыя па бясьпецы атамнай энэргетыкі Літвы патрабавала ад эўрапейскіх рэгулятараў бясьпекі атамнай энэргетыкі спыніць функцыянаваньне БелАЭС і як мага хутчэй вырашыць праблемы атамнай бясьпекі на гэтай станцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG